Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

тайні́к, ‑а, м.

1. Месца для хавання чаго‑н. [Яраш] надзеў лепшы касцюм, дастаў з тайніка пісталет і гранату. Шамякін. // Тайнае сховішча. Вада бруіла ў нары і доўга не супакойвалася, аж пакуль бабёр зноў не забіраўся ў свой тайнік. Масарэнка.

2. перан. Тое, куды няма доступу іншым; самае запаветнае, патаемнае месца чаго‑н. Хто ў размове з ім не забываў, падкрэсліваў яго заслугі, чуць падхвальваў, з тым Вароніч абыходзіўся, як з чалавекам, які адамкнуў тайнік яго сэрца. Грамовіч. І дзесьці ў тайніках душы асядае, як муць, чорная думка аб тым, што няма нічога вечнага на зямлі. Лынькоў.

тайніко́вы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да тайніка (у 1 знач.).

та́йны, ‑ая, ‑ае.

1. Які з’яўляецца тайнай для каго‑н., які скрываецца ад іншых, вядомы нямногім. Першая тайная сустрэча з бацькам парушыла спакой, стрэмкай увайшла ў сэрца. Карпаў. Адна ў цябе сяброўка І друг табе адзін — халодная вінтоўка, Надзейны карабін. Вазьмі яго і дбайна, Як будзе цішыня, Схавай у месцы тайным Да заўтрашняга дня. Глебка. // Які дзейнічае скрыта, замаскіравана. Тайны вораг. □ Прайдзіся ж ты, сціплая песня, па мужных слядах Смалячкова, Па снайперскіх тайных засадах, па плошчах і шумных палях. Броўка. // Які скрываецца ў душы, не паведамляецца нікому. Дзесяцігодку я закончыў з тайнай надзеяй вучыцца на кінаакцёра. Асіпенка. Кожнаю вясенняю парой Я выходжу з тайнаю надзеяй На шляхі і на прасторы ніў. Танк. // Такі, узнікненне, паходжанне якога незразумела, неўсвядомлена. Тайнае прадчуванне.

2. Загадкавы, таямнічы. Тайнае знікненне дакументаў. □ Я зразумеў увесь тайны сэнс .. слоў, кінутых ім [Усцінычам] ноччу, у лесе, у засадзе. Лынькоў.

3. Звязаны з сакрэтнасцю. Тайны дагавор. // Прызначаны для вядзення сакрэтных спраў, сакрэтны. Тайная паліцыя. Тайны агент.

•••

Тайнае галасаванне гл. галасаванне.

та́йскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да таяў, які належыць, уласцівы ім. Тайскія мовы. Тайская культура.

тайфу́н, ‑у, м.

Трапічны цыклон, ураган вялікай разбуральнай сілы. Дах змацоўваюць ад тайфунаў з мора пакладзеныя на яго бярвенні. Караткевіч. Не ў страх нам пагрозаў замахі, Не ў страх інтэрвенцкія шхуны, Ні стуль, дзе гадуюць манархаў, Ні стуль, дзе бушуюць тайфуны. Купала.

[Ад кіт. тай фын — вялікі вецер.]