тайны, ‑ая, ‑ае.

1. Які з’яўляецца тайнай для каго‑н., які скрываецца ад іншых, вядомы нямногім. Першая тайная сустрэча з бацькам парушыла спакой, стрэмкай увайшла ў сэрца. Карпаў. Адна ў цябе сяброўка І друг табе адзін — халодная вінтоўка, Надзейны карабін. Вазьмі яго і дбайна, Як будзе цішыня, Схавай у месцы тайным Да заўтрашняга дня. Глебка. // Які дзейнічае скрыта, замаскіравана. Тайны вораг. ▪ Прайдзіся ж ты, сціплая песня, па мужных слядах Смалячкова, Па снайперскіх тайных засадах, па плошчах і шумных палях. Броўка. // Які скрываецца ў душы, не паведамляецца нікому. Дзесяцігодку я закончыў з тайнай надзеяй вучыцца на кінаакцёра. Асіпенка. Кожнаю вясенняю парой Я выходжу з тайнаю надзеяй На шляхі і на прасторы ніў. Танк. // Такі, узнікненне, паходжанне якога незразумела, неўсвядомлена. Тайнае прадчуванне.

2. Загадкавы, таямнічы. Тайнае знікненне дакументаў. ▪ Я зразумеў увесь тайны сэнс .. слоў, кінутых ім [Усцінычам] ноччу, у лесе, у засадзе. Лынькоў.

3. Звязаны з сакрэтнасцю. Тайны дагавор. // Прызначаны для вядзення сакрэтных спраў, сакрэтны. Тайная паліцыя. Тайны агент.

•••

Тайнае галасаванне гл. галасаванне.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)