сухадо́льны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да сухадолу. Сухадольныя сенажаці. □ Роснай блакітнай раніцай .. на заліўныя і сухадольныя лугі выехалі калгасныя касілкі. Стаховіч. // Які расце на сухадолах. А [карова] Рэпка, пакуль .. [Сцяпан] займаўся ўспамінамі, зноў пабегла на сухадольную траву. Асіпенка. // Які звязаны з выкарыстаннем сухадолаў. Сухадольнае бахчаводства.
сухадрэ́віна, ‑ы, ж.
Разм. Засохлае на корані дрэва. Псавала гэты прыгожы куточак толькі тоўстая сухадрэвіна з рассечанай маланкай верхавінай. Каліна.
сухажы́лле, ‑я, н.
Шчыльнае, эластычнае ўтварэнне са злучальнай тканкі, з дапамогай якога шкілетныя мышцы прымацоўваюцца да касцей. Балела .. калена і сухажылле над ім, хоць .. [Сотнікаў] адчуваў, што куля трапіла вышэй, у сцягно. Быкаў.
сухажы́льны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да сухажылля. Палажыўшы Крывахіжа на ложак, Міхаленя даследаваў сухажыльныя рэфлексы. Алешка.
сухазе́м’е, ‑я, н.
Разм. Тое, што і суша (у 1 знач.). Прысела адпачыць і гарапашніца пчала. Адкуль яна ўзялася тут, над балотам, даволі далёка ад сухазем’я? В. Вольскі.
сухазе́мны, ‑ая, ‑ае.
Разм. Які мае адносіны да сухазем’я, пражывае на сухазем’і. Сухаземныя жывёлы. □ Няхай .. [Галя] пабачыць, што хоць .. [Русіновіч] і сухаземны чалавек, вырас на сушы, і ў лодцы сядзіць мо які пяты раз, аднак і ён умее веславаць не горш за яе, рыбачку. Дамашэвіч.
сухалюбі́вы, ‑ая, ‑ае.
Такі, што добра пераносіць сухасць паветра і глебы, добра расце ў засушлівых мясцовасцях (пра расліны). Сухалюбівы хмызняк.
сухама́, прысл.
Разм. Без вадкай і гарачай ежы. Снедалі спехам, часта сухама, падганяючы павольнага Васіна. Карпаў. [Фёкла:] — Вам, дзеду, мо капусты гарачанькай? Са здорам варыла... А то, мусіць, усё сухама ды сухама... Місько.
сухамя́тка, ‑і, ДМ ‑тцы, ж.
Разм. Сухая яда без чаго‑н. гарачага або вадкага. На другі і трэці дзень — адна сухамятка. Што знойдзе Валодзька сам у буфеце, тое і з’есць. Гроднеў.