Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

суто́нне, ‑я, н.

Абл. Паўзмрок паміж захадам сонца і надыходам ночы, а таксама паўзмрок перад світаннем. Згушчаецца за акном вячэрняе сутонне. Навуменка. Сіні ў перадранішнім сутонні .. [снег] аж сляпіў вочы сваёй чыстай, некранутай белізною. Сачанка. // Паўзмрок у слаба асветленым месцы, памяшканні. Будынкі патанаюць у зялёным сутонні дрэў. Дуброўскі. Я вынесла дарунак роднай У сутонне свежае сяней. Лось.

суто́ньвацца, ‑аецца; безас. незак.

Абл. Змяркацца. Сутоньвалася. Дзе-нідзе запальваліся агні. Баранавых.

суту́лаватасць, ‑і, ж.

Уласцівасць і стан сутулаватага. Нават у постаці маладога, рослага Ермалая азначылася заўчасная сутулаватасць. Дуброўскі.

суту́лаваты, ‑ая, ‑ае.

Крыху згорблены. Лысы, лоб круты, маршчыністы. Сам [Бухберг] сутулаваты, прысадзісты .. Адзеты бедна, але па-інтэлігенцку. Колас.

суту́ласць, ‑і, ж.

Разм. Уласцівасць і стан сутулага. Недарэчны той халат яшчэ больш падкрэсліваў .. сутуласць [Уладзіміра Феафілавіча]. Васілевіч. Невысокі найбольш з-за свае сутуласці, з рэдкімі і вельмі кароткімі льнянымі вусамі, з падціснутай ніжняй губою, ён непрыкметна снаваў між людзей вёскі. Лупсякоў.

суту́ліцца, ‑люся, ‑лішся, ‑ліцца; незак.

Злёгку згінаць спіну; горбіцца. Багдановіч, як і Чэхаў, таксама быў, бадай, вышэй чым сярэдняга росту, злёгку сутуліўся, канфузліва пакашліваў. «Полымя». // Станавіцца згорбленым. Шырокія плечы сутуліліся і нельга было зразумець — ад старасці яны ці ад працы. Машара.

суту́ліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; незак., што.

Рабіць сутулаватым; горбіць. Чалавек ён быў яшчэ не стары.., але хадзіў заўсёды квола, па-старэчаму; і ходзячы, і стоячы, сутуліў шырокую .. спіну. Кулакоўскі.

суту́лы, ‑ая, ‑ае.

Разм. З крыху сагнутай спінай і высунутымі паперад плячамі; згорблены. [Усцін] стаяў, паныла апусціўшы галаву, высокі; трохі сутулы, збянтэжаны. Марціновіч. На парозе хаты з’явілася высокая, крыху сутулая постаць дзядзькі Вінцука. В. Вольскі.

сутыка́льны, ‑ая, ‑ае.

Які сутыкаецца, мае сутыкненне з кім‑, чым‑н.

сутыка́нне, ‑я, н.

Дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. сутыкацца — сутыкнуцца.