Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

суразме́рнасць, ‑і, ж.

Адпаведнасць чаму‑н. па велічыні, памерах. Сакрэт песеннасці вершаў Багдановіча заключаецца перш за ўсё ў класічным развіцці тэмы, у суразмернасці яе «руху» з куплета ў куплет. Лойка. // Правільныя суадносіны памераў, частак чаго‑н.; прапарцыянальнасць. Суразмернасць частак паэмы.

суразме́рны, ‑ая, ‑ае.

Які адпавядае чаму‑н. па велічыні, памерах. // Які мае правільныя суадносіны памераў, частак; прапарцыянальны.

сураўё, ‑я, н., зб.

Тое, што і суравізна.

сурвэ́та, ‑ы, ДМ ‑ваце, ж.

Тое, што і сурвэтка. На стале ляжала белая сурвэта. Гартны. [Ганна] дастала з шафы льняную сурвэту.., накінула яе на стол, потым пачала завіхацца, ля печы. Жук.

сурвэ́тачны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да сурвэткі; прызначаны для сурвэтак. Сурвэтачнае палатно.

сурвэ́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

1. Невялікі (звычайна квадратны) кавалак тканіны або паперы, якім карыстаюцца для засцеражэння вопраткі ў час яды, у цырульнях і пад. Начальнік сядзіць за сталом.., падаткнуўшы пад бараду белую сурвэтку. Сачанка. Цырульнік змахвае сурвэткай рэшткі пены і шыпіць пульверызатарам. Каршукоў.

2. Абрус (звычайна невялікіх памераў), якім накрываюць стол. Палавічкі на падлозе, засланы бялюткай сурвэткай стол — усё тут было сціпла і разам з тым акуратна. Хадкевіч.

сургу́ч, ‑у, м.

Каляровая сумесь з цвёрдых смол, воску і пад., якая лёгка плавіцца і застывае (выкарыстоўваецца для накладання пячатак, заліўкі бутэлек і пад.). Прынясуць з раёна канверт з сургучнай пячаткай і перад класам зломяць сургуч. Навуменка.

сургу́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да сургучу. // Зроблены з сургучу. Усеўшыся, .. [чалавек] запатрабаваў пакет з Максімавымі паперамі. Зламаў сургучную пячатку, унурыўся ў паперы. Машара.

сурдака́мера, ‑ы, ж.

Памяшканне з гуканепранікальнымі сценамі, якое служыць для падрыхтоўкі касманаўтаў да работы ва ўмовах адсутнасці гукавых раздражняльнікаў.

сурдалагі́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да сурдалогіі. Сурдалагічны інстытут.