Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

рэйкаўкла́дчык, ‑а, м.

Пуцявая машына, прызначаная для ўкладкі або змены рэек і шпал чыгуначнага пуці.

рэйнве́йн, ‑у, м.

Гатунак вінаграднага віна.

[Ням. Rheinwein.]

рэ́йнскі, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да Рэйна (назва ракі ў Германіі). Рэйнскі ландшафт.

2. у знач. наз. рэ́йнскае, ‑ага, н. Рэйнскае віно, рэйнвейн.

рэйс, ‑а, м.

Паездка на якім‑н. транспарце па пэўным маршруце. Хутка вернецца машына І ў наступны пойдзе рэйс. Броўка. Рэйс выпаў далёкі, потым яшчэ пагрузка на месцы зацягнулася, дык [Якаў] вярнуўся дадому ўжо зусім позна. Кулакоўскі. Цяпер наперадзе толькі дарога, доўгая дарога, шмат гадзін ехаць. Міхась добра ведае, што такое дальнія рэйсы. Б. Стральцоў.

[Ад ням. Reise — паездка, падарожжа.]

рэ́йсавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да рэйса; які ходзіць па пэўным маршруце. Гэта быў не звычайны рэйсавы аўтобус, якіх так многа ходзіць цяпер па дарогах Палесся, а тэатральны. В. Вольскі. Дваццаць хвілін лёту, і рэйсавы самалёт, на якім знаходзіўся Павел, прызямліўся ў маскоўскім аэрапорце. Шыцік. Не, сабой Карней быў задаволены! Прыйшоў з арміі — адразу ж уладкаваўся матросам на рэйсавы цеплаход Гомель — Кіеў. Каршукоў.

рэ́йсмус, ‑а, м.

Спец. Інструмент для правядзейня ліній, паралельных краю якога‑н. вырабу ці дэталі. У сталярнай майстэрні студэнты вырабляюць цяпер рэйсмусы. «Звязда».

[Ням. Reißmaß.]

рэ́йсмусавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да рэйсмуса.

рэйсфе́дэр, ‑а, м.

Чарцёжны інструмент для правядзення ліній тушшу.

[Ням. Reißfeder.]

рэйсшы́на, ‑ы, ж.

Вялікая чарцёжная лінейка з перакладзінай пад прамым вуглом з аднаго канца.

[Ням. Reißschiene.]

рэ́йтар, ‑а, м.

Гіст. Салдат кавалерыі ў Заходняй Еўропе 16–17 стст. і ў Расіі 17 ст.

[Ад ням. Reiter — коннік.]