Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

рэзанёрскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да рэзанёра, уласцівы яму. Рэзанёрскія павучанні.

рэзанёрства, ‑а, н.

Схільнасць да павучальных разважанняў.

рэзанёрстваваць, ‑ствую, ‑ствуеш, ‑ствуе; незак.

Доўга і нудна разважаць аб чым‑н. у павучальным тоне. [Мікульскі:] — Працаваць трэба лепей, а не рэзанёрстваваць... Марціновіч.

рэзані́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак.

Даваць рэзананс. Рэзаніруюць струны раяля.

рэ́занне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. рэзаць.

•••

Аўтагеннае рэзанне — тое, што і газавае рэзанне.

Газавае рэзанне — спосаб рэзання металаў пры дапамозе полымя газавай сумесі.

рэ́заны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад рэзаць (у 1–3 знач.).

2. у знач. прым. Разрэзаны на кавалкі, на часткі; парэзаны. Рэзаны сыр. Рэзаная салома.

3. у знач. прым. Накіраваны коса, убок (пры гульні ў тэніс і пад.). Рэзаны ўдар. Рэзаны мяч.

рэ́зацца, рэжуся, рэжашся, рэжацца; незак.

1. Раздзяляцца на часткі пад дзеяннем чаго‑н. вострага. — Мама ніколі не давала .. [нажніц], але я бачыў, як добра рэзаўся імі нейкі чырвоны матэрыял! Што б мне паспрабаваць парэзаць? Арабей.

2. Разм. Забіваць, рэзаць сябе чым‑н. вострым. Цікава тут яшчэ адна акалічнасць: кожны самагубца мае [схільнасць] да таго ці іншага спосабу самагубства — адны страляюцца, другія вешаюцца, трэція топяцца, кідаюцца пад машыну, труцяцца, рэжуцца брытваю. Колас.

3. Разм. Рэзаць, рабіць балюча, муляць. Пальцы мае не надта могуць чым пахваліцца: то грыф ім тоўсты, то далёка адзін ад аднаго лады, то рэжуцца струны. Скрыган. / у безас. ужыв. Андрэй уздрыгвае, трэ пальцамі вочы — рэжацца пад павечкамі... Пташнікаў.

4. Церціся, шаравацца аб што‑н. Не лескаталі калёсы — тут быў пясок, храплі толькі ад пылу коні, і рэвалася ў некага ціха жалеза аб жалеза: кола аб загваздку. Пташнікаў.

5. Разм. Урэзацца ў што‑н. Вось гара. Прыціхлі коні, Колы рэжуцца ў пясок. Колас.

6. Разм. З’яўляцца, прарэзвацца (пра зубы). У сына першы рэзаўся зубок — Матуля шмат начэй не спала. Корбан.

7. Разм. Біцца халоднай зброяй. А людзі? Яшчэ не пакінулі біцца, Калоцца, рэзацца... Куляшоў. // Сварыцца. — От жа адвакаты рэзаліся — як сабакі!.. Брыль.

8. Разм. Гуляць з азартам у якую‑н. гульню. Рэзацца ў шашкі. □ Вечарамі зімой збіраліся малінаўцы да каго-небудзь на вячоркі, бесперапынна курылі і рэзаліся ў карты — у воза або ў дурня. Чарнышэвіч.

9. Зал. да рэзаць (у 1, 2, 3 і 5 знач.).

рэ́заць, рэжу, рэжаш, рэжа; незак., каго-што.

1. Чым‑н. вострым раздзяляць на часткі. Рэзаць нажом хлеб. Рэзаць шкло. Рэзаць паперу. □ [Аміля] рэзала вялікім нажом буракі і кідала карове. Чорны. // без дап. Дзейнічаць пры выкарыстанні (пра вострыя прылады). Нажніцы добра рэжуць. Нож тупы, не рэжа. // Пілаваць. Асабліва любіў .. [Віктар Сяргеевіч] займацца хатняй гаспадаркай: рэзаў і калоў дровы, насіў ваду. Якімовіч. // Раніць, пашкоджваць чым‑н. вострым. Сухая асака, купіны да крыві рэзалі рукі, драпалі твар. Шамякін. // Імклівым рухам рассякаць, раздзяляць (паветра, ваду і пад.). Параход мой будзе грозна Рэзаць хваляў грудзі. Купала. Леўкін задзірае галаву. Моўчкі глядзіць на кранаўшчыка, потым прыпадымае крыху руку і імклівым рухам рэжа паветра. Дадзіёмаў. // перан. Праходзячы, пралягаючы, раздзяляць (пра дарогу, рэчку і пад.). У два рады між палёў Роўна рэйкі ляглі, Рэжуць нетры лясоў, Точаць грудзі зямлі. Колас. Перад тым берагам рэзала балота рэчка, цераз якую трэба было перабірацца ўброд. Мележ.

2. Разм. Рабіць аперацыю, разразаць. На твары ў хірурга кроплі поту. Адна з сясцёр узяла марлевы тампон, выцерла твар хірурга. «Спакойна рэжа», — падумаў веставы і выйшаў. Асіпенка.

3. Забіваць чым‑н. вострым. Рэзаць курэй. Рэзаць авечку. □ Гэтых людзей ніхто не біў, не рэзаў, не страляў. Яны перамёрзлі.. у тую завейную ноч. Лынькоў. Усю ноч .. [Койферу] трызнілася, што хтосьці паўзе да дома, рэжа вартавых і лезе праз акно да яго. Шамякін. // Разм. Загрызаць. Воўк рэзаў авечак.

4. Рабіць балюча, непрыемна. То на камень ён [Мікіта] сядзе пры лесе У новай турбоце І рукой у халяву палезе — Рэжа цвік яму ў боце. Куляшоў. Плашч настываў, карабаціўся на холадзе і рэзаў .. голыя рукі. Пташнікаў. Гаркаваты дым поўніў паветра, лез у нос, рэзаў вочы. Васілевіч. / у безас. ужыв. Пакой зноў наліўся яркім святлом, аж пачало рэзаць у вачах. Асіпенка.

5. Разм. Ставіць дрэнную адзнаку на экзамене. З таго часу наш «святы айцец», як пачуе, што [семінарыст] з Мінскай губерні, робіцца вар’ятам, усіх рэжа на экзаменах. Сяргейчык.

6. і без дап. Разм. Гаварыць проста, адкрыта, без хітрыкаў. — А па-другое, я не люблю, калі ў дзяўчыны вось тут вецер. Галя паказвае на Ірын лоб. — У цябе самой вецер! — рэжа Іра. Гарбук. [Алаіза] глядзела, як Піліп распранаўся, прычэсваў на прабор свае валасы, і думала, што сапраўды адчувае прыязнасць да гэтага чалавека, што ёй падабаюцца яго неспакой, шчырасць, з якой ён заўсёды рэжа ўсё, што думае. Арабей.

7. Разм. Рабіць што‑н. з азартам. Азартна рэжуць туз на туз, Чырвоны туз на туз віновы. Аўрамчык. — А помніце яшчэ, як Давыд Агафонаў рэзаў. От ужо граў! І ўсё вальс любіў. Ракітны. Ля машыны ўжо .. скокі, рэжуць гармонікі. Кірэйчык.

•••

Вуха (вушы) рэжа (дзярэ) — рэзка, непрыемна гучыць, раздражняе.

Рэзаць без нажа — губіць, ставіць у безвыходнае становішча.

Рэзаць праўду (у вочы) — гаварыць смела, адкрыта праўду. [Вусаты:] — Тарашкевіч доўга расказваў, праўду рэзаў. Янкоўскі.

рэ́згіны, ‑гін; адз. няма.

Прыстасаванне насіць сена, салому, зробленае з вяровачнай сеткі, нацягнутай на сагнутыя пруткі, дужкі. Алесь зачыніў адрыну, ускінуў на плечы рэзгіны з сенам і паволі пайшоў да кепскага хлява. Чарнышэвіч. Шурка пачаў хадзіць па сена не з рэзгінамі, а з дзяругай. Брыль. Пад павеццю конь скуб з рэзгін сена. Хомчанка.

рэзеда́, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

Род адна‑, двух‑, радзей шматгадовых травяністых раслін сямейства рэзедовых.

[Фр. réséda.]