Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

рэгенераты́ўны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які мае адносіны да рэгенерацыі. Рэгенератыўнае награванне паветра. // Які служыць для рэгенерацыі. Рэгенератыўная печ.

рэгенера́цыя, ‑і, ж.

Спец.

1. Аднаўленне першапачатковых каштоўных уласцівасцей адпрацаваных матэрыялаў вытворчасці.

2. Награванне газу і паветра ў печы адпрацаванымі прадуктамі гарэння.

3. Аднаўленне жывёльнымі і расліннымі арганізмамі страчаных або пашкоджаных органаў, тканак, а таксама цэлага арганізма з часткі.

[Ад лац. regeneratio — аднаўленне, зварот.]

рэ́гент, ‑а, М ‑нце, м.

1. Часовы правіцель манархічнай дзяржавы, які ажыццяўляе вярхоўную ўладу замест манарха.

2. Дырыжор хору, пераважна царкоўнага. [Бацька] амаль самастойна вывучыў тэорыю спеваў і стаў даволі вядомым у «епархіі» царкоўным рэгентам. Зарэцкі.

[Ад лац. regens, regentis — які правіць.]

рэ́гентка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Разм. Жан. да рэгент.

рэ́генцкі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да рэгента, належыць яму. Рэгенцкія рэгаліі.

рэ́генцтва, ‑а, н.

1. Часовае праўленне ў манархічных краінах адной або некалькіх асоб з выпадку хваробы, працяглага адсутнічання, непаўналецця манарха і г. д.

2. Званне, пасада рэгента.

рэгіён, ‑а, м.

Спец. Пэўная тэрытарыяльная адзінка (раён, вобласць), якая адрозніваецца ад іншых спецыфічнымі рысамі.

[Лац. regio — вобласць.]

рэгі́стр, ‑а, м.

1. Спіс, пералік чаго‑н., кніга для запісу, уліку, рэгістрацыі чаго‑н. Рэгістр бухгалтарскага ўліку. Рэгістр паступленняў.

2. Участак гукавога дыяпазону музычнага інструмента або голасу, які займае пэўнае становішча па вышыні. Нізкі рэгістр. □ [Барсукова] здзівіла прыгожым голасам, чыстатой інтанацыі і роўным гучаннем ва ўсіх рэгістрах, а таксама глыбокім драматычным тэмпераментам. «Беларусь». // У некаторых духавых і язычковых музычных інструментах (аргане, фісгармоніі і пад.) — група труб або язычкоў з гучаннем аднолькавага тэмбру.

3. Спец. Размеркавальнік, рэгулятар у некаторых машынах і прыборах. // Рад клавішаў у клавішных літарных або лічыльна-аналітычных машынах. Ніжні рэгістр.

4. У СССР — орган тэхнічнага нагляду, які вызначае ўмовы бяспечнага плавання грузавых і пасажырскіх суднаў.

[Лац. registrum — спіс, пералік.]

рэгістрава́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. рэгістраваць, рэгістравацца.

рэгістрава́цца, ‑руюся, ‑руешся, ‑руецца; незак.

1. Запісвацца, адзначацца з мэтай уліку. Рэгістравацца ў сакратара.

2. Афармляць юрыдычна сваё ўступленне ў шлюб. [Анатоль] не спяшаецца рэгістравацца, адцягвае ўсё з разводам. Пальчэўскі.

3. Зал. да рэгістраваць.