Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

рэвалю́цыя, ‑і, ж.

1. Карэнны пераварот у жыцці грамадства, які заключаецца ў насільным звяржэнні старога грамадскага ладу і ўстанаўленні новага, прагрэсіўнага грамадскага ладу. Буржуазная рэвалюцыя. Вялікая Кастрычніцкая сацыялістычная рэвалюцыя.

2. Карэнны пераварот, карэнныя змены ў якой‑н. галіне (навуцы, тэхніцы, мастацтве), якія прыводзяць да абнаўлення, удасканалення чаго‑н. Культурная рэвалюцыя. Тэхнічная рэвалюцыя. □ Аўтаматы сістэмы Чарвені для набіўкі запалкавых карабкоў зрабілі цэлую рэвалюцыю на камбінаце. «Беларусь».

[Ад лац. revolutio — пераварот.]

рэвалюцыяне́р, ‑а, м.

Удзельнік рэвалюцыйнага руху, дзеяч рэвалюцыі. Мядзведзеў быў стары прафесійны рэвалюцыянер, з вялікім вопытам падпольнай работы, і сапраўды незвычайна красамоўны прамоўца. Машара. // Той, хто робіць пераварот у якой‑н. галіне (навуцы, тэхніцы, мастацтве). А. Міцкевіч — рэвалюцыянер у паэзіі і ў жыцці. Лойка.

рэвалюцыяне́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

Жан. да рэвалюцыянер.

рэвалюцыянізава́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. рэвалюцыянізаваць і стан паводле знач. дзеясл. рэвалюцыянізавацца.

рэвалюцыянізава́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад рэвалюцыянізаваць.

рэвалюцыянізава́цца, ‑зуецца; зак. і незак.

1. Стаць (станавіцца) рэвалюцыйна настроеным. Масы рэвалюцыянізаваліся. □ У далейшым, у часы вайны і рэвалюцыі, паводзіны Леапольда Гушкі робяцца ўсё больш асэнсаванымі, свядомасць яго ўсё больш рэвалюцыянізуецца. Кудраўцаў.

2. толькі незак. Зал. да рэвалюцыянізаваць.

рэвалюцыянізава́ць, ‑зую, ‑зуеш, ‑зуе; зак. і незак., каго-што.

1. Пашырыць (пашыраць) ідэі рэвалюцыі сярод каго‑н.; зрабіць (рабіць) каго‑, што‑н. рэвалюцыйным. Бальшавіцкія сілы арміі рэвалюцыянізавалі і рабоча-сялянскія масы Беларусі. «Полымя».

2. Змяніць (змяняць) карэнным чынам, зрабіць (рабіць) перадавым, больш дасканалым шляхам новаўвядзенняў, пераўтварэнняў. Рэвалюцыянізаваць спосабы вытворчасці.

рэва́нш, ‑у, м.

Адплата за паражэнне, няўдачу, пройгрыш і пад., а таксама барацьба з мэтай узяць верх над ранейшым пераможцам. Узяць рэванш.

[Фр. revanche.]

рэва́ншны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да рэваншу. Рэваншная схватка.

рэваншы́зм, ‑у, м.

Імкненне ўзяць рэванш пасля ваеннага паражэння; палітыка падрыхтоўкі новай вайны з мэтай вярнуць пазіцыі, страчаныя ў папярэдняй вайне. Пленум ЦК КПСС пацвердзіў правільнасць палітыкі, накіраванай на выкрыццё рэваншызму і мілітарызму. «Звязда».