Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

рака́йль, нескл., ж.

1. Арнамент у выглядзе стылізаваных ракавін, абломкаў скалы ў архітэктуры і ў прыкладным мастацтве стылю ракако ў 18 ст.

2. Тое, што і ракако.

[Фр. rocaille — асколкі камянёў, ракавіны.]

ракако́, нескл., н.

Архітэктурны і дэкаратыўны стыль XVIII ст., які ўзнік у Францыі і вызначаўся незвычайнай складанасцю форм і дзівосным арнаментам. Стыль ракако.

[Фр. rococo.]

ра́кам, прысл.

Стаўшы на ногі і рукі. І толькі самае малое не зважала ні на што, поўзала сабе ракам сярод хаты па земляным доле. Лобан. Халуста, каб не тыцнуцца тварам аб зямлю, стаў ракам, нават прапоўз крыху такім манерам, тады разагнуўся і дай бог ногі! Чарнышэвіч.

ракамбо́ль 1, ‑я, м.

Даўняя картачная гульня.

[Фр. rocambole.]

ракамбо́ль 2, ‑ю, м.

Шматгадовая травяністая расліна сямейства лілейных.

[Фр. rocambole.]

ракападо́бныя, ‑ых.

Клас жывёл тыпу членістаногіх з падзеленым на сегменты і пакрытым панцырам целам і вялікай колькасцю членістых канечнасцей; жывуць пераважна ў вадзе.

раката́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. ракатаць, а таксама гукі гэтага дзеяння. Раніцой Ілонку разбудзіла гучнае ракатанне матора. Хомчанка.

раката́ць, ‑качу, ‑кочаш, ‑коча; незак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Абзывацца дробным раскацістым гулам. А трактар ракатаў роўна, упэўнена... Гроднеў. Мне хацелася бегчы за .. [чайкамі] па гразі, бегчы ў заімглёны свет, туды, дзе ракоча і пеніцца мора, бае казку аб тым, што цудоўны, бязмежны свет не казка, а сапраўднасць. Брыль.

2. Гаварыць, спяваць нізкім раскацістым голасам. За абабітымі дэрмацінам дзвярыма ракатаў начальніцкі бас. Асіпенка.

ракатлі́вы, ‑ая, ‑ае.

Які дробна, раскаціста гучыць. І зноў радасны ракатлівы гул праляцеў з аднаго краю плошчы ў другі. Гамолка. Гэта грае прыбой ракатлівы. Гэта буру ўзнімае арган. Пысін.

ракаўсто́йлівы, ‑ая, ‑ае.

Здольны супрацьстаяць раку ​2 (у 2 знач.). Ракаўстойлівы сорт бульбы.

ракачо́м, прысл.

Разм. Тое, што і ракам. Прыпёрты да сцяны Янушак ракачом шмыгнуў у бочку з-пад салідолу. Дайліда.