Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

разагна́ць, разганю, разгоніш, разгоніць; заг. разгані; зак., каго-што.

1. Прымусіць разбегчыся, разысціся, разляцецца ў розныя бакі. З месца, дзе я ляжаў, можна было нават адной аўтаматычнай чаргой разагнаць немцаў і паліцаяў. Карпюк. Паліцыя разагнала дэманстрантаў. «Звязда». Валерык разагнаў малых, што лавілі паблізу печкуроў, вярнуўся на вуліцу і пеўнем прайшоўся з канца ў канец вёскі. Шашкоў. // Разм. Выгнаць, звольніць (усіх, многіх) адкуль‑н. [Маша:] «Трэба сказаць [Максіму], што дарэмна ён разагнаў рабочых». Шамякін. [Башлыкоў] сцвярджаў, што праз год-два мадэльны цэх разваліцца, не будзе даваць плана, і адміністрацыю разгоняць. Мыслівец. // Разм. Ліквідаваць, спыніць існаванне каго‑, чаго‑н. Разагнаць Дзяржаўную думу. □ [Базылюк:] — Паліцыі загадана разагнаць канферэнцыю. А ёй толькі скажы — і яна накінецца, нібы гайня шалёных сабак. Машара.

2. Рассеяць, развеяць. Па трэці дзень паўднёвы вецер разагнаў хмары, і выглянула вясёлае, ласкавае сонца. Шамякін. Скора вясёлы агеньчык успыхнуў полымем, разагнаў цемень. Колас. // Прымусіць прайсці, мінуць (пра настрой, пачуццё, стан). Разагнаць смутак. □ Пагаварыўшы з вучнямі і крыху разагнаўшы іх страх, Лабановіч прынёс журнал і пачаў рабіць запіс. Колас. Санітара марыў сон, і ён рознымі спосабамі стараўся разагнаць яго. Чорны.

3. і без дап. Паскорыць ход, рух каго‑, чаго‑н. Разагнаць каня. □ Энергічнымі рухамі .. [Алесь] так разагнаў лодку, што толькі хвалі разляталіся ў бакі. Ваданосаў.

4. Разрэзаць удоўж. Разагнаць калоду.

5. Разараць (барозны). Разагнаць загон бульбы.

6. Размясціць на якой‑н. паверхні, займаючы як можна больш месца. Разагнаць друкарскі набор на дзве паласы.

•••

Разагнаць кроў — якімі‑н. рухамі ўзмацніць кровазварот.

разагну́ты, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад разагнуць.

разагну́цца, ‑гнуся, ‑гнешся, ‑гнецца; ‑гнёмся, ‑гняцеся; зак.

Выпрастацца, разагнуць спіну. Бабка Параска спыніла работу, разагнулася. З яе сухога, круглага твару пазбягалі маршчынкі. Яна засмяялася. Колас. Калі Гарбачэня разагнуўся, то крокаў за дзвесце ад сябе ўбачыў падгалістую ласіцу з ласянём, якая, відаць, прыйшла на вадапой. Гурскі. // Стаць простым, роўным (пра што‑н. сагнутае). Кручок разагнуўся. □ І на дзіва змяніўся чалавек: патлусцеў, раздабрэў на белых харчах так, што і спіна разагнулася. Лупсякоў.

разагну́ць, ‑гну, ‑гнеш, ‑гне; ‑гнём, ‑гняце; зак., каго-што.

Выпрастаць, распрастаць сагнутае. Рыбіна, схапіўшы жыўца на такой жарліцы, разагне мяккі кручок на канцы спіралькі і пачне сцягваць лёску пад лёд. Матрунёнак. Кавалак паслушна лёг на вызначанае яму месца на версе шліхты. Мужчыны разагнулі натруджаныя спіны і крыху адсапліся. Крапіва.

разаграва́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. разаграваць — разагрэць.

разаграва́цца, ‑ваюся, ‑ваешся, ‑ваецца; незак.

1. Незак. да разагрэцца.

2. Зал. да разаграваць.

разаграва́ць, ‑ваю, ‑ваеш, ‑вае.

Незак. да разагрэць.

разагрэ́ты, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад разагрэць.

разагрэ́цца, ‑грэюся, ‑граешся, ‑граецца; зак.

Стаць цёплым, гарачым; нагрэцца. Жалеза разагрэлася. // Зноў стаць гарачым. Суп разагрэўся. // Разм. Адчуць цяпло ў сваім целе, сагрэцца. Разагрэліся хлопцы, на ўсё забылі. Кіпіць работа... Нядзведскі.

разагрэ́ць, ‑грэю, ‑граеш, ‑грэе; зак., каго-што.

Зрабіць цёплым, гарачым. Заварыць бы гарачай гарбаты, Разагрэць бы хутчэй самавар. Багдановіч. // Сагрэць зноў што‑н. астыўшае. Разагрэць суп. // Разм. Выклікаць адчуванне цяпла ў целе. Пасекла .. [дзяўчыну] мяцеліца, разагрэла варушкая, ахвотная работа, і цяпер, зірнуўшы на дзяўчыну, здавалася — во зараз капне кроў з поўных, здаровых шчок. Калюга. // Нагрэўшы, падрыхтаваць да дзеяння, выкарыстання. Разагрэць матор аўтамабіля. Разагрэць мёд. Разагрэць сталярскі клей.