Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

рада́р, ‑а, м.

Радыёлакатар.

[Англ. radar (літарнае скарачэнне слоў radio detecting and ranging).]

рада́рны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да радара. Радарная ўстаноўка. Радарнае абсталяванне. // Які мае радар, радары. Радарная станцыя.

радасло́ўе, ‑я, н.

1. Гісторыя роду, генеалогія. Пазней радаслоўе літоўскіх князёў у версіі Спірыдона было адхілена ўрадам Івана IV. Чамярыцкі.

2. Тое, што і радаслоўная (гл. радаслоўны ў 2 знач.).

радасло́ўны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да радаслоўя (у 1 знач); генеалагічны. Радаслоўная кніга. Радаслоўныя запісы.

2. у знач. наз. радасло́ўная, ‑ай, ж. Пералік пакаленняў аднаго роду, які ўстанаўлівае паходжанне і ступень роднасці. Цяпер, калі я вам расказаў у двух словах радаслоўную Мухтара аж да шостага калена, вы мусіце зразумець, кім ён павінен быў стаць. Васілёнак. Толькі аднойчы Ягор Захаравіч прыадчыніў акенца ў сваю радаслоўную: — Бацька мой бунтаўшчыком быў. Карамазаў.

•••

Радаслоўнае дрэва гл. дрэва.

ра́дасна,

1. Прысл. да радасны.

2. безас. у знач. вык. Пра пачуццё радасці, радасны настрой. Успомнілася Аленка. Ад гэтага ўспаміну адразу неяк цёпла і радасна стала Сцёпку. Колас. Нізкае асенняе сонца грэе слаба, але вакол светла і радасна. Якімовіч.

ра́дасны, ‑ая, ‑ае.

1. Які адчувае радасць. Натомленая, але радасная ўвайшла ў хату Люба. Мурашка. І, радасны, дамоў сястрычку нёс, Не чуючы, што анямелі рукі. Тармола. // Які выяўляе радасць. Радасны позірк. □ Ясней сонца ўзнялося пад самае неба гучнае і радаснае ўра. Лынькоў.

2. Які выклікае, прыносіць радасць. На дарозе, сярод акіяна, .. [людзей] дагнала радасная вестка: рускія разбілі немцаў. Шамякін. // Якому ўласціва радасць. Аж захапіць дух блазноце Нейкі радасны парыў, І ў самоцеадзіноце Песні, байкі ён [Сымонка] тварыў. Колас. Многа клопату, многа ў старой, Ды ўсё радасны клопат. Гілевіч.

ра́дасць, ‑і, ж.

1. Пачуццё вялікай асалоды, задаволенасці, якое выклікае вясёлы настрой. Што ні кажы, а жыццё, ужо само па сабе, ёсць радасць, вялікае шчасце, бясцэнны дар. Колас. Толькі мы выйшлі на поле, я неяк незнарок азірнуўся і аж закрычаў ад радасці: за намі бегла [вавёрка] Люська!.. Ляўданскі. // Весялосць, трыумф. І здавалася Міколку, што вылеціць яго сэрца з грудзей ад вялікай радасці. Лынькоў. У першыя дні Саша са сваёй сястрычкай Лідай нават не ведалі, што рабіць ад радасці: насіліся з аднаго пакоя ў другі, заглядвалі ва ўмывальнік, ванную. Даніленка. // звычайна мн. (ра́дасці, ‑ей); чаго або якія. Прыемныя, вясёлыя перажыванні, выкліканыя чым‑н. Лапік ужо ў трэцім класе. Першыя школьныя радасці даўно прайшлі. Брыль.

2. Падзея, абставіны і пад., якія даюць асалоду, шчасце. Пачатак навучальнага года супаў з вялікай радасцю ў яе жыцці — Кацю прынялі ў рады Камуністычнай партыі. Грахоўскі. Схадзіць у госці да цёткі Тарэсі ў Лугаватую, паехаць з дзядзькам у Сыркінаў млын — было для дзяцей самай вялікай радасцю. С. Александровіч.

3. (звычайна са словам «мая»). Разм. Ласкавы, пяшчотны зварот. [Лявон:] Дык пойдзем, мая радасць, я правяду цябе крышку. Козел. Краіна мая, радасць мая, Песня мая маладая! Па нівах тваіх, па тваіх гаях Сынава сэрца рыдае. Панчанка.

ра́даўніца, ‑ы, ж.

Дзень на першым тыдні пасля вялікадня, калі памінаюць нябожчыкаў на магілах; звычай захаваўся ў праваслаўных як перажытак старажытнага культу памёршых. На радаўніцу насілі стравы на бацькаву магілу, каб было яму што пад’есці. Багдановіч.

раджа́, ы́, м.

Княжацкі тытул у Індыі. // Асоба, якая мае гэты тытул.

[Ад санскр. rājā — цар.]

раджа́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да радзіцца.

2. Зал. да раджаць.