ра́дасць, ‑і, ж.

1. Пачуццё вялікай асалоды, задаволенасці, якое выклікае вясёлы настрой. Што ні кажы, а жыццё, ужо само па сабе, ёсць радасць, вялікае шчасце, бясцэнны дар. Колас. Толькі мы выйшлі на поле, я неяк незнарок азірнуўся і аж закрычаў ад радасці: за намі бегла [вавёрка] Люська!.. Ляўданскі. // Весялосць, трыумф. І здавалася Міколку, што вылеціць яго сэрца з грудзей ад вялікай радасці. Лынькоў. У першыя дні Саша са сваёй сястрычкай Лідай нават не ведалі, што рабіць ад радасці: насіліся з аднаго пакоя ў другі, заглядвалі ва ўмывальнік, ванную. Даніленка. // звычайна мн. (ра́дасці, ‑ей); чаго або якія. Прыемныя, вясёлыя перажыванні, выкліканыя чым‑н. Лапік ужо ў трэцім класе. Першыя школьныя радасці даўно прайшлі. Брыль.

2. Падзея, абставіны і пад., якія даюць асалоду, шчасце. Пачатак навучальнага года супаў з вялікай радасцю ў яе жыцці — Кацю прынялі ў рады Камуністычнай партыі. Грахоўскі. Схадзіць у госці да цёткі Тарэсі ў Лугаватую, паехаць з дзядзькам у Сыркінаў млын — было для дзяцей самай вялікай радасцю. С. Александровіч.

3. (звычайна са словам «мая»). Разм. Ласкавы, пяшчотны зварот. [Лявон:] Дык пойдзем, мая радасць, я правяду цябе крышку. Козел. Краіна мая, радасць мая, Песня мая маладая! Па нівах тваіх, па тваіх гаях Сынава сэрца рыдае. Панчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)