Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

пустадо́мак, ‑мка, м.

Разм. Чалавек, які не мае гаспадаркі; дрэнны, нядбайны гаспадар. Разгарнуў свае нататкі.. Слова «пустадомкі» не раз і не два паўтараецца.. У маіх запісах гэта слова сустракаецца з рознымі значэннямі, паўтараецца — з адным: абыякавы, безгаспадарны (пра чалавека). Янкоўскі. Самотна і цяжка Ганне без сыноў. Быццам пустадомкі яны якія, і ў бацькавай хаце месца ім не хапала... Гроднеў. [Апанас:] — Жывеш як пустадомак: ні калёс, ні атос, і кабылу чорт панёс. Чарнышэвіч.

пустадо́мка, ‑і, ДМ ‑мцы; Р мн. ‑мак; ж.

Разм. Жан. да пустадомак.

пустазво́н, ‑а, м.

Разм. Чалавек, які гаворыць пустое; балбатун, пустамеля. Мятла цвёрда абяцаў, а ён не пустазвон, а чалавек слова. Машара.

пустазво́ніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; незак.

Разм. Гаварыць пустое; балбатаць. — Другі баіцца, мусіць, буры: Даводзіць ён, што лепей крышку Было б сядзець нам у зацішку; А трэці проста пустазвоніць — Ні нападае, ні бароніць. Крапіва. «З Наталяй нельга пустазвоніць», — думаў Казімір. Скрыган.

пустазво́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Разм. Жан. да пустазвон.

пустазво́нства, ‑а, н.

Разм.

1. Пустыя, беззмястоўныя словы, размовы. У літаратуры перамагае толькі чалавечае і чалавечнае, і фальш, пустазвонства, бяздумная даніна чарговай модзе.. урэшце будуць названы сваімі імёнамі. «Полымя».

2. Паводзіны, словы пустазвона. Максіма раздражняла Міколава пустазвонства. Машара.

пустазе́лле, ‑я, н.

Дзікарослая расліна, якая засмечвае пасевы культурных раслін. Асот і малачай — пустазелле. □ Вось з таго часу і палюбіла Вера васількі. З яе захаплення часта смяяліся сяброўкі. Жартавалі, што ёй падабаецца пустазелле. Асіпенка. // зб. Такія расліны, сукупнасць такіх раслін. Ад Старыцы засталіся адны папялішчы, жыхары разбрыліся, палі апусцелі, зараслі пустазеллем і хмызнякамі. Хадкевіч. Пустазелле заглушыла ўвесь гарод. Шамякін.

пустазе́льны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да пустазелля, з’яўляецца пустазеллем. Пустазельная расліна.

пустазе́рнасць, ‑і, ж.

Адсутнасць зерня ў збожжавых раслінах. Пустазернасць пшаніцы.

пуста́к, ‑а, м.

Разм. Від цэглы, цэментных блокаў з пустотамі ўсярэдзіне.