пункці́рны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да пункціру, з’яўляецца пункцірам. Пункцірная лінія. // перан. Ледзь акрэслены, зроблены ў агульных рысах, накідах. У гэтых фразах Багдановічу сапраўды, дзе тэзісна, дзе пункцірна, удалося акрэсліць атмасферу палітычнай барацьбы і культурнага жыцця ў Беларусі першых дзесяцігоддзяў XVI ст. Лойка.
пункціро́ўка, ‑і, ДМ ‑ўцы, ж.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. пункціраваць.
пу́нкцыя, ‑і, ж.
Пракол якой‑н. поласці, сасуда для лячэння або даследавання. Пункцыя ныркі.
[Ад лац. punctio — укол.]
пунсаве́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.
1. Вылучацца сваім пунсовым колерам; быць пунсовым. Калі ў лесе кукуе зязюля, то на палянках пунсавеюць суніцы, а ў полі красуе і наліваецца колас. Няхай. Замест каменя на .. [магіле] стаіць фанерная піраміда з чырвонай зоркай і пунсавее, нібы пляма гарачай чалавечай крыві, невялічкі вянок з апошніх восеньскіх кветак. Сяргейчык. Шчокі Аніны пунсавелі заўсёды макавым цветам. Васілевіч.
2. Рабіцца пунсовым, чырвоным. Праз некалькі хвілін госць пунсавее мацней, як у дарозе на стрэчным ветры. Карамазаў.
пунсо́васць, ‑і, ж.
Уласцівасць пунсовага; ярка-чырвоны колер. Вышэй ад лесу пунсовасць слабела, паступова пераходзіла ў ружовасць, якая ахоплівала паўнеба. Мележ.
пунсо́вы, ‑ая, ‑ае.
Ярка-чырвоны. Пунсовыя макі. □ Марына засмяялася, і я радасна цмокнула яе ў халодныя пунсовыя шчокі. Савіцкі.
пунсо́н, ‑а, м.
Спец. Металічны брусок або пласцінка з рэльефным адбіткам літары або знака, якія выкарыстоўваюцца для выціскання матрыцы.
[Фр. poinçon.]
пунш, ‑у, м.
Спіртны напітак, звычайна гарачы, які гатуецца з рому з цукрам, лімонным сокам або фруктамі.
[Англ. punch.]
пу́ншавы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да пуншу; прыгатаваны з пуншам. Пуншавы напітак. Пуншавае марожанае.
пу́нька, ‑і, ДМ ‑ньцы; Р мн. ‑нек; ж.
Памянш. да пуня; невялікая пуня. [Сцяпан] нацянькі прайшоў да агародаў, паціху зайшоў у сваю пуньку і лёг на сена. Чарнышэвіч.