Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

пульну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

Аднакр. да пуляць.

пу́льпа, ‑ы, ж.

Спец.

1. Рыхлая злучальная тканка, якая запаўняе поласць зуба.

2. Сумесь якога‑н. сыпкага, раздробленага рэчыва з вадой або іншым растваральнікам.

[Ад лац. pulpa — мякаць.]

пульпаправо́д, ‑а, М ‑дзе, м.

Трубаправод, па якім падаецца пульпа (пры земляных, горных і інш. работах, якія выконваюцца шляхам гідрамеханізацыі). Трубы пульпаправода.

пульпі́т, ‑у, М ‑піце, м.

Запаленне зубной пульпы.

пульс, ‑у, м.

1. Хвалепадобны рытмічны рух сценак крывяносных сасудаў, які выклікаецца выштурхваннем крыві з сэрца. У нейкі крытычны момант у .. [парадзіхі] пасінелі пазногці і пульс упаў да мінімуму. Шамякін. // Месца, дзе адчуваецца, намацваецца гэты рух. Нахіліўшыся над хворай, Аліса Іванаўна ўзяла яе руку, намацала пульс. Марціновіч.

2. перан.; чаго або які. Рытм, тэмп чаго‑н. (жыцця, дзейнасці і г. д.). З надыходам вечара пульс жыцця на аэрадроме не толькі не сцішаўся, але яшчэ і пачынаў біцца хутчэй. Шахавец. Сюды сыходзіліся ўсе ніці ад дзеючых часцей і злучэнняў фронту, і тут асабліва поўна адчуваўся баявы пульс вайны. Дудо.

[Ад лац. pulsus — штуршок.]

пульсава́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. пульсаваць.

пульсава́ць, ‑суе; незак.

1. Рытмічна біцца, мець пульс (пра сэрца, артэрыі і пад.). На лбе ўсхвалявана пульсавала тонкая сіняватая жылка. Гамолка. // Рытмічна рухацца па крывяносных сасудах (пра кроў). У такіх роздумах Людвік і дабег да свайго лагера. Нейкі час не прыслухоўваўся, як пульсуе кроў у дзяўчыны, ці трымаецца ў грудзях дыханне. Кулакоўскі. І зноў з усіх ног бягу прэч ад школы... Бягу, а ў скронях б’е, пульсуе, аж звініць кроў — гэта праўда, усё праўда, што я думаў... Сачанка.

2. перан. Рытмічна рухацца; актыўна праяўляцца. Над Дняпром, над Волгай, над Масквой-ракою, — скрозь жыццё пульсуе, шпаркае такое. Дубоўка. Творчая фантазія пульсуе тут моцна, і актуальнасць праблематыкі не слабее. У. Калеснік.

пу́льсавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да пульсу. Пульсавыя ўдары. Пульсавы ціск.

пульсаме́тр, ‑а, м.

Помпа аб’ёмнага тыпу, у якой вадкасць выцясняецца парай ці газам.

пульса́р, ‑а, м.

Нябеснае цела, якое дае хуткаперыядычнае выпрамяненне (радыёхвалевага, рэнтгенаўскага ці аптычна-рэнтгенаўскага дыяпазонаў).

[Ад англ. pulse — імпульс.]