Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

поўнаўла́днасць, ‑і, ж.

Тое, што і поўнаўладдзе.

поўнаўла́дны, ‑ая, ‑ае.

Які мае неабмежаваную, поўную ўладу. Толькі рэвалюцыя да канца вырашае аграрнае пытанне, робіць селяніна поўнаўладным гаспадаром над зямлёй. Кудраўцаў. Капытамі мераючы сажні, напралом падаўся у гушчар — дзікі, непакорны і паважны пушчы поўнаўладны гаспадар. А. Вольскі.

поўнаўла́дства, ‑а, н.

Тое, што і поўнаўладдзе.

по́ўнач 1, ‑ы, ж.

1. Адзін з чатырох напрамкаў свету, супрацьлеглы поўдню. Я паспрабаваў абмацваць дрэвы ў надзеі на тое, што па імху на ствалах вызначу поўдзень і поўнач. Анісаў. Увесь май з поўначы налятаў калючы вецер, сек буйным дажджом адубелую за зіму зямлю. Асіпенка. На поўначы святлела паласа суцэльнай зары. Брыль. // Мясцовасць, частка краіны, мацерыка, размешчаная ў гэтым напрамку. Поўнач СССР.

2. Мясцовасць, краіна з халодным кліматам. // (з вялікай літары). Палярная зона зямнога шара; Арктыка.

по́ўнач 2, ‑ы, ж.

Сярэдзіна ночы, 12 гадзін ночы. Было за поўнач, калі скончыўся сход. Дуброўскі.

по́ўнік, ‑а, м.

Разм. Поўны месяц, поўня. Месяц-поўнік як бы веславаў па сініх хвалях неба, і гэтак было хораша на зямлі і ў высях. Сабаленка. У акно глядзеў і заліваў пакой серабрыстым святлом поўнік. Васілевіч.

по́ўніцца, ‑ніцца; незак.

Напаўняцца. І радасцю поўняцца сэрцы тых, што тут на таку працуюць. Кавалёў. Лес поўніўся рознагалосым птушыным спевам. Сіняўскі.

по́ўніць, ‑ніць; незак., каго-што.

Папаўняць. Шум, смех, жарты поўнілі пакой. Колас. [Турка] поўнілі перажытыя і яшчэ не аблеглыя пачуцці. Быкаў. Цемру.. поўніў гул машын, чуліся прыцішаныя галасы артылерыстаў, фырканне коней. Мележ.

по́ўны, ‑ая, ‑ае; повен, поўна.

1. Напоўнены да самага верху, да самых берагоў. — А ты не бядуй, — уцешыла дзяўчынка Косціка. — У наступны раз я навучу цябе, як зачараваць гарлачык. Тады набярэш поўны. Даніленка. Па дарозе .. [Сцяпана Карпавіча] дагнаў грузавік з поўным кузавам залацістай пшаніцы. Капусцін. // Які змясціў у сабе найбольшую магчымую колькасць каго‑, чаго‑н. Назаўтра ў нас была поўная хата людзей. Дамашэвіч. // Які ўмясціў у сябе многа каго‑, чаго‑н. Шумелі сады, поўныя вясёлых птушак. Якімовіч. Цёпла там і там прастор, Небасхіл там повен зор. Чарот.

2. перан.; чаго, чым. Цалкам ахоплены чым‑н., прасякнуты чым‑н. Гутарка так і лілася, так і сакатала, і гутарка самая прыязная, поўная спачування. Колас. // Які яскрава выяўляе пачуццё, перажыванне (пра вочы, погляд і пад.). Твары дзявочыя, поўныя ласкі, Ўдаль пазіралі, дзе постаць была. Гурло. [Міхасёвы] круглыя цёмныя вочкі былі поўныя ціхіх думак.. Колас.

3. Які праяўляецца не часткова, а поўнасцю. Разгром матарызаванай нямецкай часці быў поўны. Чорны. // Нічым не абмежаваны. [Таццяна:] — Ты ж цяпер у сваёй хаце, поўная гаспадыня. Зарэцкі.

4. Які дасягнуў адпаведнай нормы. Поўных васемнаццаць год. // Ва ўсім аб’ёме, увесь. Поўны збор твораў. // Завершаны, даведзены да канца. Не хапала да поўнага баявога выгляду толькі шаблі. Лынькоў. // Вычарпальны. Поўныя звесткі.

5. Які дасягнуў найвышэйшага развіцця, граніцы. Да наступлення поўнай цемры мы прайшлі возера і дабраліся да крутога лясістага берага. Шамякін. // Найвышэйшы, максімальны (пра хуткасць, сілу і пад.). Шафёр ўключыў поўную скорасць. Якімовіч. // Не прыглушаны, на ўсю сілу (пра голас, гук і пад.). І раптам: і свіст і крыкі. Здаецца, сама ноч загалёкала на ўсё поўнае горла. Баранавых.

6. У меру тоўсты, сыты. З гэтага дня завязалася наша цеснае сяброўства з Юркам, а потым і з той поўнай нізенькай жанчынай. Васілевіч. / Пра часткі цела, твару. Шарсцяны світар шчыльна аблягаў поўныя грудзі і круглыя плечы. Мележ.

•••

Поўны месяц гл. месяц.

Поўныя прыметнікі гл. прыметнік.

Дыхнуць на поўныя грудзі гл. дыхнуць.

На поўным газе гл. газ.

На поўны рот гл. рот.

Поўнай жменяй гл. жменя.

Поўнаю мераю (плаціць) гл. мера.

Поўная чаша гл. чаша.

Поўны кораб гл. кораб.

Пры поўнай амуніцыі гл. амуніцыя.

по́ўня, ‑і, ж.

1. Фаза Месяца, калі відзён увесь яго дыск. Якраз была поўня, ночы стаялі відныя, хоць па-восеньскаму свежыя, але ціхія. Шахавец.

2. Росквіт, паўната. Вясна была ўжо ва ўсёй поўні. Пестрак. Сама ў сілу [дзядзька] ўвабраўся, у ясную поўню гадоў. Лужанін.

поўсць, ‑і, ж.

Шэрсць; падшэрстак. Ён [мядзведзь] бакі свае трэ, Сваю футру і поўсць, А мурашкі цярэбяць, Сякуць і сякуць. Бядуля. Потым [Галя і Света] падышлі да клеткі Бялянкі і наскублі ў трускі дзве жмені поўсці. Шыловіч.