Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

неўжыва́льнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць неўжывальнага. Неўжывальнасць выразу.

неўжыва́льны, ‑ая, ‑ае.

Які не ўжываецца, не выкарыстоўваецца. Неўжывальнае слова.

неўжыва́ны, ‑ая, ‑ае.

Які не быў ва ўжыванні. Неўжыванае адзенне.

неўзаба́ве, прысл.

Хутка, у хуткім часе. Дождж сціхаў, а неўзабаве і зусім спыніўся. Даніленка. Усе прыціхлі, а потым неяк ажыўлена зноў загаварылі і неўзабаве разышліся. Кавалёў.

неўзаме́тку, прысл.

Разм. Так, што цяжка заўважыць; скрытна. Я неўзаметку шмыгнуў за хату і, пераскакваючы цераз рады бульбоўніку, пабег наперарэз Тані. Марціновіч. Першымі выступілі выпускнікі: спявалі, танцавалі, чыталі вершы. Потым, неўзаметку пераміргваючыся, яны адзін за адным павыходзілі з залы. Сабаленка. // Непрыкметна, незаўважна. Час бег неўзаметку. Скрыган. У 1926 годзе мне пашанцавала. Якуб Колас стаў маім суседам. На Вайсковым завулку неяк неўзаметку вырас двухпавярховы драўляны домік, у якім неўзабаве пасяліўся паэт. Хведаровіч.

неўзгара́льны, ‑ая, ‑ае.

Такі, які не можа загарэцца. Неўзгаральнае рэчыва.

неўздага́д, безас. у знач. вык.

Разм. Не здагадацца, не зразумець; не прыйшло ў галаву. Старонняму чалавеку можа і неўздагад, як часам балюча было глядзець чалавеку на чужое шчасце. Асіпенка.

неўзлюбі́ць, неўзлюблю, няўзлюбіш, няўзлюбіць; зак., каго-што.

Адчуць непрыхільнасць, непрыязнасць да каго‑, чаго‑н. Асабліва неўзлюбіў дзядзька Ціхон Лапецецьку пасля таго, як убачыў, з якой бязлітаснай жорсткасцю дабіваў ён качак-падранкаў. Паслядовіч. Не будучы ні ў чым вінаватай, Марына плакала і яшчэ больш неўзлюбіла сваю работу. Скрыган.

неўзнакі́, прысл.

Абл. Непрыкметна, неўзаметку. Туды, на захад, за кардоны, лячу я ў думках неўзнакі. Колас.

неўкамплектава́насць, ‑і, ж.

Уласцівасць і стан неўкамплектаванага; адсутнасць камплекта штата. Неўкамплектаванасць лабараторыі.