Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

нечаса́ны 1 і нячэ́саны 1, ‑ая, ‑ае.

Якога не часалі; раскудлачаны. Нечасаныя валасы. Нячэсаны лён.

нечаса́ны 2 і нячэ́саны 2, ‑ая, ‑ае.

Не апрацаваны часаннем. Нечасаныя бярвёны.

нечува́ны, ‑ая, ‑ае.

Які перасягае ўсё вядомае сваёй незвычайнасцю; небывалы. Бушавала бура з сілай нечуванай. Колас. Больш за два тыдні ішлі бесперапынныя, нечуванай лютасці баі. Кулакоўскі.

нечуллі́васць, ‑і, ж.

Уласцівасць нечуллівага. Нечуллівасць да холаду.

нечуллі́вы, ‑ая, ‑ае.

Са слабай успрыімлівасцю да знешніх раздражняльнікаў. Нечуллівы да болю. // Пазбаўлены чуллівасці; абыякавы. Нечуллівы да прыгажосці.

не́чы, нечага, нечаму, нечы (нечага), нечым, аб нечым, м.; нечая, нечай, нечую, ж.; нечае, нечага, нечаму, нечае, нечым, аб нечым, н.; мн. нечыя, займ. неазначальны.

Які належыць невядома каму, невядома чый; чыйсьці. Зайшоўшы ў нечы двор, хлопец убачыў пажылую жанчыну. Федасеенка. З заводскага двара выязджала нечая запозненая машына, вахцёр правяраў у шафёра пропуск. Скрыган. — Качкі! Качкі! — пачуўся нечы ўсхваляваны голас. Скрыпка.

нечыстата́, ‑ы, ДМ ‑стаце, ж.

1. Адсутнасць чыстаты; бруд. У хаце нечыстата.

2. толькі мн. (нечысто́ты, ‑тот). Тое, што знаходзіцца ў памыйніцы; адкіды.

не́чысць, ‑і, ж., зб.

Разм.

1. Паводле забабонных уяўленняў — нячыстая сіла, чэрці, ведзьмы і пад. Загудзеў .. [парк] нечуванымі галасамі, .. закруцілася пажоўклае лісце — нібы нечысць уся пазляталася з усіх бакоў. Лынькоў.

2. перан. Жывёлы, насякомыя, якія выклікаюць агідлівае пачуццё. [Дзядзька:] — Бусел знішчае мышэй, гадзюк, пацукоў, вусеняў, жукоў і ўсякую нечысць. В. Вольскі.

3. перан. Аб ганебных людзях, якія ўвасабляюць сабою ўсё варожае, цёмнае. Фашысцкая нечысць. □ [Яшчын:] — Тут пра жыццё думаць трэба, а не слёзы ліць, калі нечысць прагналі са сваёй зямлі. Хадкевіч.

нечыта́льнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць нечытальнага.

нечыта́льны, ‑ая, ‑ае.

Такі, што цяжка прачытаць, разабраць. Нечытальны рукапіс. □ [На лістку сшытка] было нешта напісана няўмела і нечытальным почыркам. Сіўцоў.

нечытэ́льнасць, ‑і, ж.

Уст. Уласцівасць нечытэльнага. Нечытэльнасць почырку.