Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

нетаро́пкі, ‑ая, ‑ае.

Які ўсё робіць не спяшаючыся, з развагай; няспешны. Калгасам кіраваў той жа Рыгор Швед, аднак гэта быў цяпер ураўнаважаны, нетаропкі чалавек, сталы сем’янін. Хадкевіч. // Уласцівы таму, хто не спяшаецца, хто робіць усё няспешна. У калідоры пачуліся нетаропкія крокі, шапаценне прарызіненых плашчоў, гутарка. Карпюк. З хлява далятала нетаропкая гаворка і звон малака аб вёдры. Асіпенка.

не́тра,

гл. нетры.

не́тры, ‑аў; адз. (рэдка) нетра, ‑ы, ж.

1. Глыбіні зямлі, месцы пад зямной паверхняй, а таксама тое, што там змяшчаецца. Зямныя нетры. Распрацоўка нетраў. □ «Лясы і нетры — усё цяпер наша, народнае!».. Брыль. Праца кіпіць несціхана, Пласт падразае ствол: «Вось яна доўгачаканая Ў нетрах схаваная соль!» Звонак. Ішлі рудакопы У цёмныя нетры. Вялюгін.

2. перан. Унутраная прастора, унутраная частка чаго‑н. Падвальныя нетры, падвальныя нетры... Ну хоць бы глыток, хоць маленькі — паветра! Арочка. // Унутраныя, глыбінныя часткі краіны, раёна і пад. Нетры Палесся.

3. Непраходныя, глухія мясціны; прастора, парослая густым лесам. Ні чалавек, ні жывёла не можа ступіць на гэтыя нетры Гнілога балота. Колас. Чым далей, тым лес гусцей, а ў ім такія нетры, што і выбрацца нельга. Якімовіч. У час цяжкі ў лясныя нетры Радзіма склікала сыноў. Аўрамчык.

4. перан. Унутраная, глыбінная частка чаго‑н. Нетры памяці. // Пра народ, шырокія колы грамадства. [Паўліна Цітаўна:] — На выберуць [у дэпутаты] — значыцца народ знайшоў у сваіх нетрах больш дастойнага. Шамякін.

5. перан. Цяжкія, складаныя, глыбокія пытанні, бакі чаго‑н. Ніхто лепш за .. [Рэню] не разбіраўся ў каварных нетрах алгебры. Лынькоў. З Андрэем Пятро пачаў размову асцярожна, абыходным шляхам, але хутка залез у такія нетры, што з іх нельга, было ўжо выбрацца. Шахавец.

нетрыва́ласць, ‑і, ж.

Уласцівасць нетрывалага. Рэвалюцыя зламала стары лад жыцця, паказала яго нетрываласць. Адамовіч.

нетрыва́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Які не мае надзейнай моцы, якасці, хутка разбураецца. Нетрывалы падмурак. Нетрывалая драўніна. □ Грунт аказаўся нетрывалы не толькі ў простым, але і ў пераносным сэнсе. Арабей. Невялікі вецер лёгка разносіў салому, а моцныя віхуры часта зусім разбуралі нетрывалую страху. В. Вольскі.

2. перан. Няўстойлівы, ненадзейны, хісткі. Нетрывалае становішча. Нетрывалыя веды. Нетрывалае шчасце. □ Сон.. [жанок] быў трапяткі, нетрывалы. Кулакоўскі.

нетрыма́нне, ‑я, н.

У выразе: нетрыманне мачы — міжвольнае выдзяленне мачы.

нетутэ́йшы, ‑ая, ‑ае.

Які не нарадзіўся або не жыве ў гэтай мясцовасці; прыезджы. Арандаваць зямлю папрыязджалі нетутэйшыя людзі. Чорны. // Які не адносіцца да гэтай мясцовасці; чужы. Неўзабаве Руневіч заўважыў у натоўпе.. дзіўнага ягамосця ў цывільнай нетутэйшай вопратцы. Брыль. Як і сам чалавек, гэтак і яго песня была нетутэйшая і незразумелая нам. Сабаленка.

нетыпо́вы, ‑ая, ‑ае.

Які не мае асаблівасцей, уласцівых якому‑н. тыпу. Нетыповая з’ява. Нетыповы факт.