не́тры, ‑аў; адз. (рэдка) нетра, ‑ы, ж.

1. Глыбіні зямлі, месцы пад зямной паверхняй, а таксама тое, што там змяшчаецца. Зямныя нетры. Распрацоўка нетраў. □ «Лясы і нетры — усё цяпер наша, народнае!».. Брыль. Праца кіпіць несціхана, Пласт падразае ствол: «Вось яна доўгачаканая Ў нетрах схаваная соль!» Звонак. Ішлі рудакопы У цёмныя нетры. Вялюгін.

2. перан. Унутраная прастора, унутраная частка чаго‑н. Падвальныя нетры, падвальныя нетры... Ну хоць бы глыток, хоць маленькі — паветра! Арочка. // Унутраныя, глыбінныя часткі краіны, раёна і пад. Нетры Палесся.

3. Непраходныя, глухія мясціны; прастора, парослая густым лесам. Ні чалавек, ні жывёла не можа ступіць на гэтыя нетры Гнілога балота. Колас. Чым далей, тым лес гусцей, а ў ім такія нетры, што і выбрацца нельга. Якімовіч. У час цяжкі ў лясныя нетры Радзіма склікала сыноў. Аўрамчык.

4. перан. Унутраная, глыбінная частка чаго‑н. Нетры памяці. // Пра народ, шырокія колы грамадства. [Паўліна Цітаўна:] — На выберуць [у дэпутаты] — значыцца народ знайшоў у сваіх нетрах больш дастойнага. Шамякін.

5. перан. Цяжкія, складаныя, глыбокія пытанні, бакі чаго‑н. Ніхто лепш за .. [Рэню] не разбіраўся ў каварных нетрах алгебры. Лынькоў. З Андрэем Пятро пачаў размову асцярожна, абыходным шляхам, але хутка залез у такія нетры, што з іх нельга, было ўжо выбрацца. Шахавец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)