злучанапялёсткавыя, ‑ых.
Тое, што і зрослапялёсткавыя.
злу́чаны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад злучыць 1.
злуча́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да злучыцца.
2. Зал. да злучаць 1.
злуча́ць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да злучыць 1.
злуча́ць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да злучыць 2.
злу́чка, ‑і, ДМ ‑чцы, ж.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. злучаць 2 — злучыць 2.
злу́чнасць, ‑і, ж.
Еднасць, адзінства. Святым агнём душа палала, І злучнасць-згоду адчувала Таемных чараў-сугалосся І чула шум тады калосся. Колас.
злу́чнік, ‑а, м.
Службовае слова, якое ўжываецца для сувязі слоў і сказаў. Злучальны злучнік. Падпарадкавальны злучнік.
злучны́, ‑ая, ‑ое.
Які мае адносіны да злучкі. Злучны перыяд. // Прызначаны для злучкі. Злучны пункт.
злучо́к, ‑чка, м.
Арфаграфічны знак (-), які злучае два словы ў адно; дэфіс, напрыклад: дзе небудзь, школа-інтэрнат, па-новаму, жоўта-зялёны.
злучы́цца, злучуся, злучышся, злучыцца; зак.
1. Дакрануўшыся, утварыць адно цэлае; змацавацца, зліцца адзін з другім. Канцы правадоў злучыліся. □ Саёнак абняў Скібу за плечы, і вусы іх злучыліся ў пацалунку. Брыль. // перан. Аказацца звязаным якімі‑н. адносінамі, пачуццямі і пад. [Зоська:] Не сумуй, Савачка! Прыйдзе шчаслівая хвіліна — .. і мы злучымся назаўсёды... Чарот.
2. Звязацца якімі‑н. шляхамі зносін. // Увайсці ў зносіны пры дапамозе якога‑н. сродку сувязі. [Васіль Пятровіч] зняў трубку, выклікаў горад і хутка злучыўся з дзяжурным аэрадрома. Якімовіч.
3. Сустрэўшыся, аб’яднацца. — Мясцовасць тую я пазнаў адразу, як толькі наша часць падышла была тады і злучылася з партызанамі. Чорны. І быў гэта другі дзень з тых трох дзён, на сходзе якіх дзед Талаш і Мартын Рыль павінны былі злучыцца на Доўгім Бродзе. Колас.
4. Уступіць у хімічнае ўзаемадзеянне. Кісларод злучыўся з вадародам.