Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

зла... (гл. зло...).

Першая састаўная частка складаных слоў; ужываецца замест «зло...», калі націск у другой частцы падае на першы склад, напрыклад: злапомны, зламысны, злаякасны, зларадны.

злабадзённасць, ‑і, ж.

Уласцівасць злабадзённага; важнасць, істотнасць для пэўнага моманту. Злабадзённасць тэмы.

злабадзённы, ‑ая, ‑ае.

Важны, істотны для пэўнага моманту; надзённы. Злабадзённае пытанне.

злава́цца, злуйся, злуешся, злуецца; злуёмся, злуяцеся; незак.

Адчуваць злосць; сердаваць на каго‑, што‑н. [Дзед Мікалай] не думаў пакідаць працу і вельмі злаваўся, калі бабка Вікця ўпікала, што ён цэлымі днямі прападае на ферме. Даніленка. Злуецца Аленка сама на сябе, аж палец кусае.., а нарэшце і заплакала нават. Колас. // перан. Бушаваць, лютаваць (пра з’явы прыроды). Пяты дзень злавалася пурга. Звонак. Вясной .. [рака] выходзіць з берагоў, Шуміць, Паводкай плешча і злуецца. Астрэйка.

злава́ць, злую, злуеш, злуе; злуём, злуяце; незак.

1. каго-што. Выклікаць, абуджаць злосць у каго‑н. Мяне.. асабліва злавала чамусьці прысутнасць дзяўчыны. Карпюк. Лёдзя села за стол і, каб не злаваць бацьку, узялася сілком есці. Карпаў.

2. Тое, што і злавацца. [Таня] злавала на дзяўчат, калі тыя пачыналі размаўляць, не вытрымліваючы маўчання. Шахавец. Бурліць вадаспад, злуе, успенены злосцю, імчыцца па каменных глыбах. Галавач.

злаве́сны, ‑ая, ‑ае.

Які прадвяшчае бяду, выклікае страх, трывогу. Злавесная цішыня гняла сваёй невядомасцю. Байцы здагадваліся, што бандыты нешта рыхтуюць. Хомчанка. Напоўніўшы наваколле злавесным гулам і грукатам, вулкан выкінуў .. чорную хмару газаў і попелу. «Звязда». Над галовамі са злавесным завываннем засвісталі бомбы. Няхай.

злаві́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе.

Зак. да лавіраваць.

злаві́цца, зловіцца.

Зак. да лавіцца (у 1 знач.).

злаві́ць, злаўлю, зловіш, зловіць.

Зак. да лавіць (ва ўсіх значэннях, акрамя адцення «мець сталым заняткам промысел, здабычу каго‑н.»).

•••

Злавіць на вуду — падмануць, ашукаць, перахітрыць каго‑н.

зла́гада, ‑ы, ДМ ‑гадзе, ж.

Разм. Згода, дружба. Жыць у злагадзе. □ [Сяргей Іванавіч] заўсёды імкнуўся, каб у сям’і панавала злагада, каб у доме была ўтульнасць. Марціновіч.