Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

зле́ва, прысл.

З левага боку; проціл. справа. Злева ад лесапільні праходзіла праз лес чыгунка. Пестрак. Злева і справа бялелі камяніцы новых школ і клубаў. Грахоўскі.

зле́глы, ‑ая, ‑ае.

Які прыгнуўся да зямлі, палёг. Трава была злеглая і зблеклая. Чорны.

зле́гчы, злягу, зляжаш, зляжа; пр. злёг, злегла і злягла, злегла і злягло; зак.

1. Захварэўшы, надоўга легчы ў пасцель. Іван Пракопавіч злёг: цела як разбітае, агнём гарыць галава. Навуменка. — Злёг стары, — сумна паківаў галавой Іван Іванавіч. — Можа, прастудзіўся, а мо гады вінаваты... Даніленка. // Разм. Загінуць у баі. Тысячы галоў зляглі ў крывавай бучы. Колас. [Завішнюк] доўга думаў пра тых, хто рана, заўчасна, злёг у лясной зямлі... Пташнікаў.

2. Прыгнуцца да зямлі, палегчы (пра злакавыя расліны, травы і пад.). Жыта злягло.

зле́гчыся, злягуся, зляжашся, зляжацца; пр. злёгся, злеглася і зляглася, злеглася і зляглося; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Стаць больш цвёрдым, шчыльным ад доўгага ляжання. — А снег так злёгся, што рыдлёўка яго не бярэ, хоць сякерай сячы. Чарнышэвіч. Калі Юрка не думае пра Жэньку, чуе тады, як зноў пад ім шапаціць сухое сена, — не зляглося яшчэ: нядаўна прывезлі з Цянёў з бацькам два вазы. Пташнікаў.

2. Абл. Звязацца, падружыцца з кім‑н. — Сам ведаеш: злягліся яны з Юзікам Громам. Людзі ўжо гавораць. Чарнышэвіч.

зледзяне́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Які пакрыўся лёдам, ператварыўся ў лёд. Дзежка грымнулася аб зледзянелую сцежку, клёпкі са звонам рассыпаліся ва ўсе бакі. Дуброўскі. Зледзянелая, выслізганая палазамі дарога была перамецена толькі ў некалькіх месцах. М. Стральцоў.

2. Халодны, як лёд; адубелы. Зледзянелыя рукі. □ Слёзы цяклі па твары, мяшаліся са снегам, здаваліся гарачымі на зледзянелых ад холаду шчоках. Арабей.

зледзяне́нне, ‑я, н.

Стан зледзянелага (у 1 знач.).

зледзяне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее.

Зак. да ледзянець.

зледзяні́ць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць.

Зак. да ледзяніць.

зле́жацца,

гл. зляжацца.

зле́жаць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; зак.

Разм. Змагчы праляжаць некаторы час у адным становішчы. Хіба злежыш цэлую ноч на адным баку?