злама́ны і зло́маны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад зламаць.
2. у знач. прым. Папсаваны, паламаны. Зламаны нож.
зло, ‑а, н.
1. Усё нядобрае, шкоднае, благое; проціл. дабро. [Закон] паказвае рабіць дабро і пазбягаць зла, імкнуцца да мірнага жыцця, не парушаючы спакою другіх. Алексютовіч. Уладзімір Ільіч папярэджваў аб небяспецы шавінізму, нястомна заклікаў да самай рашучай барацьбы з гэтым злом. «Полымя». // Бяда, няшчасце. Знайсці забойцу, гада-звера, Што прычыніў такое зло. Колас.
2. Разм. Пачуццё незадавальнення; злосць, гнеў. Зло ўзяло.
•••
На зло (злосць) каму — так, каб даняць, раззлаваць каго‑н., зрабіць непрыемнасць каму‑н. [Анісся] на зло [брату].. пайшла за Сяргея. Лынькоў.
Непраціўленне злу насіллем гл. непраціўленне.
Як на зло (злосць) — не ў час, не к месцу, не тады, калі трэба. Раптам зверху на яго Шухнула салома. Як на зло, сама сабой З’ехала ахапкам. Гілевіч.
зло... (а таксама зла...).
Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню словам: а) зло, напрыклад: злоўжыванне; б) злы, напрыклад: злоязычны.
зло́ба, ‑ы, ж.
Тое, што і злосць (у 1 знач.). Нянавісць і злоба заслала.. вочы. Колас. [Мікалай:] Гэтулькі ў ім злобы, гэтулькі неміласэрнасці, што, здаецца, гэта не чалавек. Ніякага спачування, ніякай ласкі. Чорны.
•••
Злоба дня — пра тое, што прыцягвае ўвагу, займае ўсіх у даны момант. Адбор сцэн дыктаваўся ідэйнай задачай, злобай дня. У. Калеснік.
На злобу дня — на актуальную, надзённую тэму.
зло́дзей, ‑я; мн. зладзе́і (з ліч. 2, 3, 4 зло́дзеі), зладзе́яў; м.
1. Той, хто крадзе, робіць кражу. Злавіць злодзея. Пільнаваць злодзея. □ Як яму кепска ні жылося, а ён ніколі ў жыцці не быў злодзеем. Бядуля.
2. Ужываецца як лаянкавае слова. — Ты што ж гэта, злодзей ты, зневажаеш старэйшых, — ціха з прыціскам і крыху нараспеў прыгаварвае Цімохаў бацька і круціць сына за вуха. Колас.
•••
Кішэнны злодзей — той, хто крадзе з кішэняў.
На злодзеі шапка гарыць гл. шапка.
зло́жаны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад злажыць.
зло́жваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да злажыць.
зло́жніца, ‑ы, ж.
Спец. Металічная форма для адліўкі металу ў выглядзе злітка.
злом, ‑у, м.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. зламаць.
2. Месца, на якім што‑н. зламана, надламана. Над сталёвай абшыўкай тырчаў тоўсты медны шпянёк, на якім быў выразна відаць злом. Гамолка.
•••
На злом галавы — тое, што і на скрут галавы (гл. скрут.).
зло́мак, ‑мка, м.
1. Непрыгодная, паламаная рэч. — Плуга новага дагэтуль мне не даверылі, а ўсё зломкі. Кірэйчык. // Адламаны кавалак чаго‑н. [Хлопцы] знайшлі неяк зломак сухой асіны, што ляжаў ад зімы. Брыль.
2. (звычайна з адмоўем). Разм. Пра слабага, надарванага чалавека. — Ты мне скажы, — раптам ажыўляецца Марфа, — знойдзеш ты хоць аднаго мужыка, няхай сабе самага апошняга зломка на сяле, каб ён застаўся ўдаўцом? Васілевіч. На развітанне ён сурова сказаў брату: — Не будзь зломкам. Не марнуй часу... Шыловіч.