злучы́цца, злучуся, злучышся, злучыцца; зак.
1. Дакрануўшыся, утварыць адно цэлае; змацавацца, зліцца адзін з другім. Канцы правадоў злучыліся. □ Саёнак абняў Скібу за плечы, і вусы іх злучыліся ў пацалунку. Брыль. // перан. Аказацца звязаным якімі‑н. адносінамі, пачуццямі і пад. [Зоська:] Не сумуй, Савачка! Прыйдзе шчаслівая хвіліна — .. і мы злучымся назаўсёды... Чарот.
2. Звязацца якімі‑н. шляхамі зносін. // Увайсці ў зносіны пры дапамозе якога‑н. сродку сувязі. [Васіль Пятровіч] зняў трубку, выклікаў горад і хутка злучыўся з дзяжурным аэрадрома. Якімовіч.
3. Сустрэўшыся, аб’яднацца. — Мясцовасць тую я пазнаў адразу, як толькі наша часць падышла была тады і злучылася з партызанамі. Чорны. І быў гэта другі дзень з тых трох дзён, на сходзе якіх дзед Талаш і Мартын Рыль павінны былі злучыцца на Доўгім Бродзе. Колас.
4. Уступіць у хімічнае ўзаемадзеянне. Кісларод злучыўся з вадародам.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)