Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

збліжа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да зблізіць.

збліжэ́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. збліжаць — зблізіць; дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. збліжацца — зблізіцца. Збліжэнне тэорыі з практыкай. Збліжэнне поглядаў.

зблі́зіцца, збліжуся, зблізішся, зблізіцца; зак.

1. Перамясціцца на больш блізкую адлегласць, наблізіцца адзін да аднаго. Машыны зблізіліся. Касмічны карабель зблізіўся з арбітальнай станцыяй.

2. Уступіць у блізкія (сяброўскія, інтымныя і пад.) адносіны з кім‑н.; стаць блізкім адзін другому. Калі дзядзька стаў калгасным пастухом, .. Алесь яшчэ больш зблізіўся з ім. Сіняўскі. Хіма, якая доўга жыла нелюдзем, пакрысе зблізілася з суседзямі, зрэдку заходзіла і да Дашынай маці. Ракітны. // перан. Блізка пазнаёміцца з чым‑н., заняцца чым‑н. Там ён яшчэ больш зблізіўся з тэхнікай і пасля дэмабілізацыі, ужо сталым камсамольцам, адразу ж падаўся вучыцца ў Магілёўскую школу механікаў МТС. «Звязда».

3. Стаць падобнымі, выявіць падабенства. Словы зблізіліся па значэнню. □ Пасля вызвалення ад польска-шляхецкага прыгнёту шляхі ўкраінскага і беларускага народаў не разышліся, а яшчэ больш зблізіліся. «Полымя».

зблі́зіць, збліжу, зблізіш, зблізіць; зак., каго-што.

1. Перамясціць на больш блізкую адлегласць, наблізіць адно да другога. Зблізіць канцы дроту. Зблізіць электроды. // Устанавіць больш цесную сувязь, узаемадзеянне паміж чым‑н. Зблізіць навуку і вытворчасць.

2. Стварыць блізкія (сяброўскія, інтымныя і пад.) адносіны паміж кім‑н. Тое, што Ірын бацька ведаў наш раён, што ён там праводзіў калектывізацыю і што ён расказваў мне пра гэта за чаем, неяк адразу зблізіла мяне з гэтым суровым на выгляд чалавекам. Сабаленка. [Каморнік] першы раз сказаў .. [Ганне] «ты», і гэта канчаткова зблізіла іх. Чорны.

зблі́зку, прысл.

З блізкай, на блізкай адлегласці; блізка. Разгледзеўшы панну Марыну зблізку, Лабановіч знайшоў, што такой слаўнай дзяўчыны ён яшчэ ні разу не бачыў. Колас. // З блізкай мясцовасці. Чалавек ішоў, відаць, не зусім зблізку і вельмі спяшаўся. Кулакоўскі. Родам .. [Вялічка] быў не тутэйшы, хоць зблізку, але з мясцовасці крыху іншай, як тут. Чорны.

збло́ціць, зблочу, зблоціш, зблоціць; зак., што.

Абл. Сапсаваць, зглуміць. Многа зблоціла, пад’ела І магла б ісці дадому, Ды па свінскай завядзёнцы Завалілася ў салому. Дзеружынскі.

зблудзі́цца, зблуджуся, зблудзішся, зблудзіцца; зак.

Разм. Тое, што і зблудзіць. — Не зблудзіцца б нам у гэтым гушчары, — ціха сказаў [Лясніцкі]. Шамякін.

зблудзі́ць, зблуджу, зблудзіш, зблудзіць; зак.

Згубіць дарогу, страціць арыенціроўку; заблудзіць. Зблудзіць у пушчы. // перан. Стаць на няправільны, заганны шлях жыцця, зрабіць памылку ў жыцці. Пасля такога заключэння ўсе, хто быў на абмеркаванні, зірнулі на мяне: адны са спагадай — маўляў, хлопец зблудзіў, другія з прытоеным яхідствам. Сабаленка.

зблы́танасць, ‑і, ж.

Уласцівасць і стан зблытанага. Зблытанасць думак.

зблы́таны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад зблытаць.

2. у знач. прым. Перавіты, пераплецены, перамешаны ў беспарадку. Лявон ішоў па садзе — ад дрэўца да дрэўца, кратаў іх рукамі, дзе зрываў леташні ліст, дзе зблытаную павуціну... Кудравец. Рыжык хітра ўсміхнуўся, страсянуў мокрай, зблытанай чупрынай. Кухараў.

3. у знач. прым. Няясны, бязладны, блытаны. Ад мноства зблытаных думак, здавалася, разваліцца галава... Ваданосаў. Тое, што было далей, Тураўцу помніцца нязвязанымі, зблытанымі ўрыўкамі. Мележ.