збе́дніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць і збядні́ць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак., каго-што.
Зрабіць бедным на што‑н., у якіх‑н. адносінах; абядніць. Збядніць прыроду, высекшы лес. // Пазбавіць каго‑, што‑н. выразнасці, сілы, своеасаблівасці. Збедніць літаратурны вобраз. □ Паасобныя ж нашы паэты непрыхільнасць да традыцыйнай вобразнасці распаўсюдзілі і на самую народную паэтыку, і гэта іх паззію толькі збедніла. Лойка.
зберага́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да зберагчыся.
2. Зал. да зберагаць.
зберага́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да зберагчы.
зберагчы́, ‑рагу, ‑ражэш, ‑ражэ; ‑ражом, ‑ражаце; пр. збярог, зберагла, ‑ло; зак., каго-што.
1. Захаваць ад псавання, знішчэння, знікнення і пад. — Ты скажаш камісару, што я сцяг зберагу да прыходу нашых. Гурскі. — Дакументы зберагчы не ўдалося, знішчылі, — уторыў бас. М. Ткачоў. // Не страціць чаго‑н., захаваць (пра стан, пачуцці і пад.). Зберагчы здароўе. □ Лена абяцала зберагчы тое каханне, зберагчы сваю маладосць і дзявочую вернасць. Ваданосаў. // Утрымаць, захаваць (у памяці, у сэрцы). Зберагчы ўспамін. □ Памяць старанна захавае .. [прыгоды] на ўсё жыццё, зберажэ навек. Грамовіч. Пры панах у цямноце жыла ты, Галадала і мерзла ў замець. І жыцця майго першую дату Не змагла зберагчы твая памяць. Арочка.
2. Уберагчы, засцерагчы ад небяспекі, непрыемнасці, смерці. Я знайшоў падкову пад кустом На лясной сцяжынцы выпадкова. Кажуць: да сцяны прыб’еш — і дом Ад няшчасця зберажэ падкова. Непачаловіч. Ноч, густая, як сажа, Зберажэ іх ад куль. Глебка.
3. Ашчадна расходуючы, сабраць, сэканоміць. Зберагчы трохі грошай.
зберагчы́ся, ‑рагуся, ‑ражэшся, ‑ражэцца; ‑ражомся, ‑ражацеся; зак.
Застацца ў цэласці, у наяўнасці. У .. вуснай творчасці[народа] зберагліся лепшыя здабыткі старажытнай беларускай літаратурнай мовы. Шакун. // Зберагчы сябе (ад небяспекі, непрыемнасці, смерці); усцерагчыся.
зберажо́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад зберагчы.
зберажэ́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. зберагаць — зберагчы.
2. звычайна мн. (зберажэ́нні, ‑яў). Сабраная ў запас сума грошай. Мажэйка аддаў на дом усе свае зберажэнні, узяў яшчэ і крэдыт у банку. Шахавец.