зберагчы́, ‑рагу, ‑ражэш, ‑ражэ; ‑ражом, ‑ражаце; пр. збярог, зберагла, ‑ло; зак., каго-што.

1. Захаваць ад псавання, знішчэння, знікнення і пад. — Ты скажаш камісару, што я сцяг зберагу да прыходу нашых. Гурскі. — Дакументы зберагчы не ўдалося, знішчылі, — уторыў бас. М. Ткачоў. // Не страціць чаго‑н., захаваць (пра стан, пачуцці і пад.). Зберагчы здароўе. □ Лена абяцала зберагчы тое каханне, зберагчы сваю маладосць і дзявочую вернасць. Ваданосаў. // Утрымаць, захаваць (у памяці, у сэрцы). Зберагчы ўспамін. □ Памяць старанна захавае .. [прыгоды] на ўсё жыццё, зберажэ навек. Грамовіч. Пры панах у цямноце жыла ты, Галадала і мерзла ў замець. І жыцця майго першую дату Не змагла зберагчы твая памяць. Арочка.

2. Уберагчы, засцерагчы ад небяспекі, непрыемнасці, смерці. Я знайшоў падкову пад кустом На лясной сцяжынцы выпадкова. Кажуць: да сцяны прыб’еш — і дом Ад няшчасця зберажэ падкова. Непачаловіч. Ноч, густая, як сажа, Зберажэ іх ад куль. Глебка.

3. Ашчадна расходуючы, сабраць, сэканоміць. Зберагчы трохі грошай.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)