збаёдаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
Разм. Згубіць, невядома дзе падзець. — Але воз трэба забраць зараз, каб стары за зіму не збаёдаў дзе яго. Сабаленка. — А так, пячатка ў мяне з сабою, аформім [цялят], а то яшчэ збаёдаеце, — гаварыў Тамаш. Гурскі. // Загубіць, знішчыць. Збаёдаць чалавека. // Марна патраціць, перавесці. Збаёдаць грошы.
збажына́, ‑ы, ж.
Разм.
1. Агульная назва хлебных злакаў: жыта, пшаніцы, аўса, ячменю. Сеяць збажыну. Зжатая збажына. □ Схіляюцца ў палях у пояс Збажыны калгаснай Каласы. Аўрамчык.
2. зб. Зерне хлебных злакаў; збожжа. Хлопчык, баязліва аглядваючыся на бацьку, сяк-так ускарабкаўся на мяшок са збажыною, што стаяў на лаўцы. Кулакоўскі.
зба́лаваны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад збалаваць.
2. у знач. прым. Раздураны, які прывык да таго, каб яго жаданні і капрызы выконваліся; капрызны. Збалаванае дзіця.
зба́лавацца, ‑луюся, ‑луешся, ‑луецца; зак.
1. Распесціцца, разбалавацца. Збалавацца ў раскошы. Збалавацца ад гультайства.
2. Стаць надта свавольным, гарэзлівым (пра дзіця).
зба́лаваць, ‑лую, ‑луеш, ‑луе; зак., каго.
Сапсаваць празмерным балаўством, патураннем. Збалаваць дзіця.
збалансава́насць, ‑і, ж.
Поўная суадноснасць, узаемазвязанасць (у саставе, пабудове, дзеяннях і пад.). Збалансаванасць паказчыкаў плана. Збалансаванасць вітамінаў у рацыёне.
збалансава́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад збалансаваць (у 2 знач.).
збалансава́ць, ‑сую, ‑суеш, ‑суе; зак.
1. Аднавіць страчаную раўнавагу рухамі цела. Збалансаваць на канаце.
2. што. Прывесці ў правільныя суадносіны ўзаемазвязаныя між сабой часткі чаго‑н. Збалансаваць бюджэт. Збалансаваць рацыён кармлення жывёлы.
збалбатну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., што і без дап.
Разм. Сказаць тое, чаго не варта было казаць; прагаварыцца ў гутарцы, размове.