гарадзі́ць, ‑раджу, ‑родзіш, ‑родзіць; незак., што.
1. Ставіць плот, паркан і пад.; абгароджваць што‑н. Гарадзіць плот. □ [Ладымер] да поўдня быў у хаце, а тады выйшаў гарадзіць капуснікі. Чорны. Я выган плотам гарадзіў. Купала.
2. перан. Разм. Гаварыць бяссэнсіцу, выдумляць. Старая Рындзіха хадзіла па вёсцы і гарадзіла на ўсіх Шамраёў за тое, што адбілі ад бацькоў роднага сына. Машара. Стары гаворыць — гародзіць, ды па праўду выходзіць. Прыказка.
•••
Агарод (гарод, плот) гарадзіць — а) пачынаць якую‑н. клапатлівую і безнадзейную справу. Не бачыць Грамабою гэтай зямлі. А калі так — дзеля чаго і гарод гарадзіць. Крапіва; б) гаварыць бяссэнсіцу, выдумляць. Тут Саўка хмурыць свае бровы: — Ты, сын, гарод не гарадзі... Гаўрусёў.
гарадзі́шча, ‑а, н.
Месца, дзе захаваліся астаткі старажытнага пасялення. У культурным пласце Берасцейскага гарадзішча добра захаваліся драўляныя пабудовы і рэчы гаспадарчага побыту. «Помнікі».
гарадзьба́, ‑ы, ж.
1. Дзеянне паводле дзеясл. гарадзіць (у 1 знач.).
2. Агароджа, плот. І не курыўся доўга дым Над гарадзьбой і гарадзішчам. Лужанін.
гарадкі́, ‑оў; адз. гарадок, ‑дка, м.
Спартыўная гульня, у якой ігракі, падзяліўшыся на дзве групы, выбіваюць бітой з чужога горада (начэрчанага на зямлі квадрата) дурні, расстаўленыя ў форме розных фігур. Згуляць у гарадкі. // Драўляныя цыліндрычныя цуркі для гэтай гульні. Пад шум і гук размах рукі Збіваў здалёку гарадкі. Багдановіч.
гарадні́чы, ‑ага, м.
Начальнік горада ў Расіі да сярэдзіны 19 ст.
гарадо́к 1, ‑дка, м.
1. Памянш.-ласк. да горад (у 1 знач.); невялікі горад. Шыбамі аконнымі здалёк зіхацеў маленькі гарадок. А. Вольскі.
2. Група жыллёвых або службовых будынкаў, аб’яднаных адным прызначэннем. Ваенны гарадок. Клінічны гарадок. // Спецыяльна абсталяваная спартыўная пляцоўка. Гімнастычны гарадок.
гарадо́к 2,
гл. гарадкі.
гарадо́шны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да гарадкоў. Гарадошныя біты.
гарадскі́, ‑ая, ‑ое.
1. Які мае адносіны да горада (у 1 знач.). Гарадская вуліца. Гарадскі парк. Гарадскі звычай.
2. у знач. наз. гарадскі́, ‑ога, м.; гарадска́я, ‑ой, ж. Жыхар, жыхарка горада.
гара́ж, ‑а, м.
Будынак для стаянкі і рамонту машын. З гаража далятала вуркатанне матора. Шахавец. З беласценнага гаража выехала грузавая машына. Паслядовіч.
[Фр. garage.]