Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

гаманлі́васць, ‑і, ж.

Разм. Уласцівасць гаманлівага.

гаманлі́вы, ‑ая, ‑ае.

Разм. Які любіць пагаварыць; гаваркі, гаварлівы. Нейкім асаблівым чуццём .. [Мікалай] адчуў неабходнасць падпарадкавацца гэтаму вясёламу, гаманліваму хлопцу з яснымі вачамі. Шамякін. // Ажыўлены, шумны (пра натоўп, гурт людзей і пад.). Вунь, быццам вецер прашумеў, прамільгнула гаманлівая купка дзяўчат, і ўжо з ваколіцы даляцела задзірыстая прыпеўка. Марціновіч. // перан. Шумлівы, незмаўкальны. Над рачулкай гаманлівай Заводзяць песні салаўі. Колас.

гамапла́стыка, ‑і, ДМ ‑тыцы, ж.

Ліквідацыя дэфектаў органаў і тканак шляхам перасадкі здаровага органа або тканкі ад аднаго індывідуума да іншага, які належыць да таго ж віду.

гама́рня і гамэ́рня, ‑і, ж.

Разм.

1. Шматгалосы крык, бязладная гаворка. Словы ледзьве можна было распазнаць паміж той гамарні, якая цяпер тварылася на дварэ. Чарот.

2. Пра вялікае няўтульнае памяшканне (першапачаткова — як месца шумных зборышчаў). Што .. [Міхал] будзе адзін рабіць у гэтай гамарні? Гэта ж не жарты: тры пакоі, калі мець на ўвазе кухню. Васілевіч.

3. Уст. Металаапрацоўчая майстэрня.

га́матны, ‑ая, ‑ае.

Абл. Залішне прасторны, вялікі; грубы (часцей пра вопратку). Жанчыніна вопратка была цяжкая і гаматная. Чорны.

га́маць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм. Есці.

гама́шы, ‑аў; адз. гамаш, ‑а, м.

Тое, што і камашы. Зайшоў мужчына, з выгляду вясковы інтэлігент — у шэрым адпрасаваным касцюме, у бліскучых гамашах і белай саламянай кепцы. Лупсякоў.

га́ма-выпрамяне́нне, ‑я, н.

Спец. Караткахвалевае электрамагнітнае выпрамяненне, якое ўзнікае пры распадах радыеактыўных ядраў, элементарных часціц пры іх ператварэннях у другія часціцы і пад.

гамбі́т, ‑у, М ‑біце, м.

Пачатак шахматнай партыі, у якой ахвяруюць пешку ці фігуру, каб атрымаць магчымасць хутчэй перайсці ў атаку. Ферзевы гамбіт.

[Фр. gambit.]

гамбі́тны, ‑ая, ‑ае.

Заснаваны на гамбіце. Гамбітная гульня.