акселеро́метр, ‑а, м.
Спец. Прыбор для вымярэння паскарэнняў (перагрузак) у транспартных машынах, лятальных апаратах і пад.
[Ад лац. accelero — паскараю і грэч. metréō — вымяраю.]
аксельба́нт, ‑а, М ‑нце, м.
Наплечны шнур на мундзіры як прыналежнасць формы некаторых ваенных чыноў у дарэвалюцыйнай рускай арміі і ў арміях некаторых зарубежных краін. Тонкі афіцэр з аксельбантамі, і доўгай прылізанай галавой падышоў да стала, пасунуў вялікае крэсла і сеў. Самуйлёнак. // Наплечная нашыўка на адзенні лакеяў.
[Ням. Achselband.]
аксесуа́р, ‑а, м.
1. Прыналежнасць чаго‑н.
2. звычайна мн. (аксесуа́ры, ‑аў). Пабочныя з’явы, дэталі, якія дапаўняюць што‑н., ствараюць фон для галоўнага (у жывапісе, літаратуры, скульптуры). Яшчэ больш прасталінейна-алегарычныя фігуры Капіталу і Працы ў вершы «Два». Яны, праўда, дадзены з разнастайнымі аксесуарамі ў рэзкім кантрасце адзін аднаму, але проціпастаўляюцца тут не больш як «носьбіты» пэўных паняццяў. Перкін. // Прадметы тэатральнага абсталявання; бутафорыя.
[Фр. accessoire.]
аксесуа́рны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да аксесуара.
аксідава́нне, ‑я, н.
Спец. Дзеянне паводле знач. дзеясл. аксідаваць.
аксідава́ны, ‑ая, ‑ае.
Спец. Які мае цёмную, нержавеючую паверхню ў выніку аксідавання. Аксідаваныя гаплікі і гафтачкі.
аксідава́цца, ‑дуецца; незак.
Зал. да аксідаваць.
аксідава́ць, ‑дую, ‑дуеш, ‑дуе; зак. і незак., што.
Спец. Дзейнічаць акісленнем на верхні слой металу для засцярогі ад карозіі або надання прыгожага знешняга выгляду.
[Ад грэч. axys — кіслы.]
аксіёма, ‑ы, ж.
Палажэнне, якое не патрабуе доказу і прымаецца ў якасці зыходнага прынцыпу якой‑н. тэорыі. // перан. Відавочнае сцвярджэнне, бясспрэчная ісціна.
[Грэч. oxioma.]
аксіялагі́чны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да аксіялогіі, звязаны з аксіялогіяй.