Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

акра́й, прыназ. з Р.

Разм. Ускрай чаго‑н. Акрай таго лесу, які ўсё жыццё сваё вартаваў яго бацька, арандаваў.. [Лявон Бушмар] ад князя добрую дзялянку зямлі. Чорны.

акрамя́, прыназ. з Р.

1. Апрача, за выключэннем каго‑, чаго‑н., не лічачы каго‑, чаго‑н. У пакоі нікога не было, акрамя старой. Самуйлёнак. Ёсць пахвалы, якія для разумнага чалавека горш за разгром, бо ён адчувае, што аб яго працы больш нічога нельга сказаць, акрамя агульных слоў — «добра», «варта ўвагі», «крок наперад», «уклад у навуку, літаратуру». Шамякін.

2. Больш каго‑, чаго‑н., у дадатак да каго‑, чаго‑н. Акрамя «зайцавага хлеба» ў бацькавай скрынцы бывае шмат якіх цікавых рэчаў. Лынькоў.

•••

Акрамя таго (у знач. пабочн.) — да таго ж. Акрамя таго, .. [вучням] хацелася адчуваць сябе незалежнымі і сталымі, і яны не заўважылі, як зноў ператварыліся ў свавольных і смяшлівых дзяцей. Шамякін.

акрамяне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Разм. Ажыць, зрабіцца пругкім, крамяным. Мінуў яшчэ дзень, і раптам познім адвячоркам, на захадзе сонца, раслінкі пачалі ажываць: лісточкі акрамянелі і натапырыліся. Якімовіч.

акрапі́цца, акраплюся, акропішся, акропіцца; зак.

Пакрыцца кроплямі, пырскамі чаго‑н. Акрапіцца расою. □ Праўда, адразу і лоб і твар акрапіліся потам. Гамолка.

акрапі́ць, акраплю, акропіш, акропіць; зак., каго-што.

Апырскаць, накрыць кроплямі чаго‑н. Акрапіць вадою. Акрапіць расою. □ Відаць, я пад сонцам цыганскім радзіўся, Ці, мо, акрапілі бягучыя воды, Што ўсе адпачынкі... Ў жыцці размяняў на вандроўкі, паходы. Танк. // Разм. Выпіўшы віна, адзначыць што‑н. Для завяршэння ладнай справы Хадыка выняў штось з-пад лавы, І ставіць ён на стол.. бутэльку. Каб акрапіць сваю зямельку. Колас.

акрапле́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. акрапляць — акрапіць.

акрапля́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; незак.

1. Незак. да акрапіцца.

2. Зал. да акрапляць.

акрапля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.

Незак. да акрапіць.

акра́са, ‑ы, ж.

1. Аздоба, якая ўпрыгожвае што‑н. звонку, надае прыемны выгляд; упрыгожанне. І рабіне зноў радасна стала, Што жыццё і акрасу прыдбала. Журба. Мне здаецца, што гэта была яшчэ адна.. характэрнасць [К. Чорнага]: слухаць, як з чужога голасу гучыць слова, гэтая найпершая акраса любога твора. Скрыган.

2. Скорам, тлушч, якімі запраўляюць страву; закраса. Калі ў яе [Магрэты] часамі страва Выходзіла няўдала, Тады заўсёды яна справу Акрасай папраўляла. Крапіва.

акра́сіць, акрашу, акрасіш, акрасіць; зак., каго-што.

1. Тое, што і закрасіць.

2. Зрабіць весялейшым, цікавейшым (жыццё, існаванне). Для Алесіка.. [Лабановіч] купіў мультановую кашульку і паясок, бо шкада было закіданага хлапчука і хацелася чым-небудзь акрасіць яго жыццё. Колас.