ако́п, ‑а, м.
Земляное ўмацаванне ў выглядзе выкананага рова з насыпам (валам), якое прыкрывае ад куль і асколкаў; траншэя. Толькі сягоння спраў кожнаму шмат: Коласу — вырасціць жменю зярнят, Сонцу — стаптаныя травы падняць, Ветру — акопы пяском зараўняць. Танк. Баязліўца куля і ў акопе страчае, смелага і на акопе мінае. Прыказка.
ако́пванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. акопваць — акапаць і акопвацца — акапацца.
ако́пвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да акапацца. Пехацінцы хутка займалі пры рацэ рубяжы, акопваліся. Мележ.
2. Зал. да акопваць.
ако́пваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да акапаць.
ако́пнік, ‑а, м.
Разм. Той, хто знаходзіцца ў акопах; салдат, франтавік. Гранатны бой-агонь Акопнікі ўзнялі. Пушча. Але пачуў я нешта новае ад салдат-акопнікаў. Якімовіч.
ако́пны, ‑ая, ‑ае.
Які мае дачыненне да акопа. Акопныя работы.
•••
Акопная вайна гл. вайна.
ако́раны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад акарыць.
2. у знач. прым. Ачышчаны ад кары. І вочы яго і нос, непамерна доўгі і чырвоны, пабіты на дзірачкі, як акораная чачоткавая бяроза, і ўся постаць дзеда Піліпа ператвараецца ў знак запытання. Колас. Сярод акораных васкова-жоўтых елак былі раскіданы буданы. Карпаў.
ако́рачны, ‑ая, ‑ае.
Спец. Які прызначаны, служыць для акорвання. Акорачны станок.
ако́рванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. акорваць — акарыць.
ако́рвацца, ‑аецца; незак.
Зал. да акорваць.