Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ака́заны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад аказаць.

аказа́цца, акажуся, акажашся, акажацца; зак.

1. Трапіць куды‑н., апынуцца дзе‑н. Паліна, вясёлая і рухавая, адразу ж аказалася ля механізмаў. Кавалёў. Гомель, у якім у той час жыла.. сям’я [Кавалёвых], аказаўся на крыжавых дарогах рэвалюцыі. Дуброўскі. // Апынуцца ў якім‑н. становішчы. Аказацца на волі. Аказацца ў небяспецы.

2. Стаць, з’явіцца на справе, у сапраўднасці якім‑н., кім‑, чым‑н. [Страмілін:] Там будзе відаць, чыё асвятленне акажацца больш правільным. Крапіва. Пятро аказаўся чалавекам гаспадарлівым. Пальчэўскі. // безас. Стаць вядомым, відавочна выявіцца. У .. [Савося і Аксені], аказалася, было даўнішняе, старое каханне. Гамолка.

3. Знайсціся, быць у наяўнасці. Чыстай паперы за вокладкамі не аказалася. Лобан.

4. Падаць голас, вестку; азвацца, загаварыць. Старая, відаць, разы са два збіралася загаварыць з палякам, глядзела нават на яго, нямогла трасучы падбароддзем, ды так дагэтуль і не сабралася аказацца. Брыль. [Астаповіч:] — Можа.. [Вялічка] там жыве сабе шчасліва. І табе, адзінокаму бацьку, калі-небудзь акажацца. Чорны. // Адгукнуцца, прагучаць. Вось аказаўся і гудок цягніка, у якім апынулася Марылька. Якімовіч. // Выдаць сваю прысутнасць. Мне здавалася, што калі б я не ўстаў сам з-за стала, не аказаўся, дык яна б магла мяне замкнуць на ўсю ноч. Сабаленка. // Напомніць пра сябе, паявіцца зноў. Пройдуць гады, а старыя звычаі, як тая хранічная хвароба, не-не ды і акажуцца. Асіпенка.

•••

Аказацца за бортам — тое, што і апынуцца за бортам (гл. апынуцца).

аказа́ць, акажу, акажаш, акажа; зак., што.

Зрабіць, здзейсніць. Аказаць дапамогу. Аказаць давер’е. Аказаць паслугу. Аказаць уплыў. Аказаць супраціўленне.

ака́звацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да аказацца.

2. у знач. пабочн. ака́зваецца. Як выяўляецца, высвятляецца. Аказваецца, вечарам, калі мы палеглі спаць, з захаду насунуліся хмары і закрылі ўсё неба. Рунец. — Вось бачыш, — усміхнуўся бацька, — аказваецца, мы ўжо зразумелі адзін аднаго. Бажко.

3. Зал. да аказваць.

ака́зваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да аказаць.

аказёнены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад аказёніць.

аказёніцца, ‑ніцца; зак.

Разм. Набыць казённы характар, стаць сухім, фармальным.

аказёніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак., што.

Разм. Надаць чаму‑н. казённы характар, зрабіўшы сухім, фармальным.

аказёньвацца, ‑аецца; незак.

1. Незак. да аказёніцца.

2. Зал. да аказёньваць.

аказёньваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да аказёніць.