Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

перапяра́звацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да пераперазацца.

2. Зал. да перапяразваць.

перапяра́зваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да пераперазаць.

перапя́ць, ‑пну, ‑пнеш, ‑пне; ‑пнём, ‑пняце; зак., што і чым.

Раздзяліць, перагарадзіць чым‑н. Перапяць пакой занавескай. Перапяць уваход вяроўкай.

перапячы́, ‑пяку, ‑пячэш, ‑пячэ; ‑пячом, ‑печаце, ‑пякуць; пр. перапёк, ‑пякла, ‑ло; заг. перапячы; зак.

1. што. Папячы больш, чым трэба, вельмі доўга, запячы вельмі моцна. Перапячы пірагі.

2. што. Спячы, папячы ўсё, многае. Перапячы ўсё цеста. Сала ўсё перапяклі.

3. што. Спячы нанава, яшчэ раз што‑н. дрэнна спечанае. Перапячы хлеб.

4. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Пераехаць, скончыць пячы (у 2 знач.).

перапячы́ся, ‑пякуся, ‑пячэшся, ‑пячэцца; ‑пячомся, ‑печацеся, ‑пякуцца; пр. перапёкся, ‑пяклася, ‑лося; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Папячыся больш, чым трэба, вельмі доўга, запячыся вельмі моцна. Перапёкся хлеб.

2. Разм. Ператрэцца на сонцы.

перарабі́цца, ‑раблюся, ‑робішся, ‑робіцца; зак.

Разм.

1. Стаць іншым, змяніцца; перайначыцца. Чалавеку цяжка перарабіцца адразу. Чорны. Мароз неяк абмяк, голас з цвёрдага, густога баска ў млявы тэнар перарабіўся. Лобан.

2. Ператаміцца ў працэсе працы; перапрацавацца.

перарабі́ць, ‑раблю, ‑робіш, ‑робіць; зак.

1. што. Зрабіць нанава, іначай што‑н. зробленае. — Усё яму не гэтак, усё хочацца перайначыць, перарабіць па-свойму. Кулакоўскі. Знайдзі мне ў цэху такога спецыяліста, які б не папраўляў пасля кантралёраў! Ну, хутчэй называй! А яны самі перарабілі, да праверкі... Мыслівец. // Апрацоўваючы дадаткова, унесці якія‑н. змены. Перарабіць канцоўку п’есы. Перарабіць артыкул. □ Майстру жыць не даў, пакуль той не перарабіў каласнікоў у топцы на пад’ёмныя. Шынклер. // на што, у што. Зрабіць з чаго‑н. аднаго нешта іншае. Шырокую трыбуну хутка перарабілі ў падмосткі. Шамякін. Тых, хто войнамі шчасце скаваў, Даканаем... Пераробім у трактар свой танк баявы... Куляшоў. Сяргей быў добры майстра і паспеў перарабіць ужо сваю шматзарадку на аўтамат. Няхай. Багацце нявесты на шчасце не пераробіш. Прыказка.

2. перан.; што. Змяніць карэнным чынам, пераўтварыць што‑н. — Для мяне стала ясна, што толькі рабочы клас, кіруемы бальшавікамі, здольны перарабіць свет на новы лад. Гурскі. // каго-што. Прымусіць змяніцца, стаць іншым. Перарабіць характар. □ Не, бацька, цяпер не тое. Можа, гэтак калісь было, а рэвалюцыя мужыка перарабіла. Галавач.

3. Папрацаваць больш, чым трэба. Перарабіць дзве гадзіны.

4. Разм. Працуючы вельмі многа, ператаміцца.

5. што. Зрабіць, нарабіць усё, многае. Панскай работы — у гэтым я паспеў ужо добра пераканацца, — як ні старайся, як ні шчыруй, усё адно не пераробіш. Сачанка. — І твае і мае рукі шмат перарабілі работы. Паслядовіч.

6. што і чаго. Разм. Зазнаць усялякай працы, нарабіцца. Чаго ён толькі не перарабіў за сваё жыццё!

перарабля́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; незак.

1. Незак. да перарабіцца.

2. Зал. да перарабляць (гл. перарабіць у 1, 2 і 5 знач.).

перарабля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.

Незак. да перарабіць.

перарабо́так, ‑тку, м.

Час, затрачаны на працу звыш нормы.