перарабіць, ‑раблю, ‑робіш, ‑робіць; зак.
1. што. Зрабіць нанава, іначай што‑н. зробленае. — Усё яму не гэтак, усё хочацца перайначыць, перарабіць па-свойму. Кулакоўскі. Знайдзі мне ў цэху такога спецыяліста, які б не папраўляў пасля кантралёраў! Ну, хутчэй называй! А яны самі перарабілі, да праверкі... Мыслівец. // Апрацоўваючы дадаткова, унесці якія‑н. змены. Перарабіць канцоўку п’есы. Перарабіць артыкул. ▪ Майстру жыць не даў, пакуль той не перарабіў каласнікоў у топцы на пад’ёмныя. Шынклер. // на што, у што. Зрабіць з чаго‑н. аднаго нешта іншае. Шырокую трыбуну хутка перарабілі ў падмосткі. Шамякін. Тых, хто войнамі шчасце скаваў, Даканаем... Пераробім у трактар свой танк баявы... Куляшоў. Сяргей быў добры майстра і паспеў перарабіць ужо сваю шматзарадку на аўтамат. Няхай. Багацце нявесты на шчасце не пераробіш. Прыказка.
2. перан.; што. Змяніць карэнным чынам, пераўтварыць што‑н. — Для мяне стала ясна, што толькі рабочы клас, кіруемы бальшавікамі, здольны перарабіць свет на новы лад. Гурскі. // каго-што. Прымусіць змяніцца, стаць іншым. Перарабіць характар. ▪ Не, бацька, цяпер не тое. Можа, гэтак калісь было, а рэвалюцыя мужыка перарабіла. Галавач.
3. Папрацаваць больш, чым трэба. Перарабіць дзве гадзіны.
4. Разм. Працуючы вельмі многа, ператаміцца.
5. што. Зрабіць, нарабіць усё, многае. Панскай работы — у гэтым я паспеў ужо добра пераканацца, — як ні старайся, як ні шчыруй, усё адно не пераробіш. Сачанка. — І твае і мае рукі шмат перарабілі работы. Паслядовіч.
6. што і чаго. Разм. Зазнаць усялякай працы, нарабіцца. Чаго ён толькі не перарабіў за сваё жыццё!