цырымонійма́йстар, ‑а, м.
Вышэйшы прыдворны чын, які назірае за выкананнем. дварцовага цырыманіялу.
[Ням. Zeremoniemeister.]
цырымо́ніцца, ‑нюся, ‑нішся, ‑ніцца; незак.
1. (звычайна з адмоўем «не»). Захоўваць правілы прынятага этыкету; быць цырымонным. — Вам пераапрануцца трэба, — сказала жанчына і .. узлавана крыкнула: — Кіньце вы цырымоніцца! Асіпенка. Хлор быў заўсёды смелым у братавай хаце і нічуткі не саромеўся нікога і не цырымоніўся. Гартны.
2. з кім-чым і без дап. Праяўляць празмерную далікатнасць, прыстойнасць у адносінах: да каго‑, чаго‑н. [Антон:] — Прашу, пакуль не: позна, навядзі парадак у брыгадзе. І не цырымонься з гультаямі! Савіцкі. Яшчэ ў школе яна [Ірына] звыкла камандаваць гэтым маўклівым хлопцам. І цяпер таксама не цырымоніцца. Шамякін.
цырымо́нія, ‑і, ж.
1. Устаноўлены парадак правядзення якога‑н. абраду, урачыстасці; абрад, урачыстасць, якія праводзяцца ў строгім парадку. На цырымоніі адкрыцця выстаўкі выступіў беларускі паэт В. Вітка. «Звязда». Стала ў Брэсце добрай традыцыяй праводзіць многія ўрачыстыя цырымоніі ля сцен легендарнай крэпасці. «ЛіМ».
2. Разм. жарт. Пра якое‑н. працяглае, доўгае дзеянне, якое складаецца з шэрагу асобных учынкаў, дзеянняў. Цырымонія надзявання «добрага пінжака» праходзіць з адмысловай урачыстасцю.. Бярэ яго канечн[е] «Матрёна» і, трымаючы на выцягнутых уперад руках, падносіць да Гвардыяна з напружанай, блізкай да спалоху павагай. Гвардыян ужо загадзя абярнуўся спінай насустрэчу «добраму пінжаку» і выставіў назад.. рукі. Зарэцкі.
3. звычайна мн. (цырымо́ніі, ‑ій). Умоўнасці ў паводзінах, якія ўласцівы цырымоннаму чалавеку; паводзіны цырымоннага чалавека. [Полаз:] — Слухай, Лемяшэвіч, давай на «ты»... Мы з табой людзі роўныя, камуністы, і выкінем да ліха ўсе цырымоніі. Шамякін. [Зыбін:] — Заходзь сёння, пасядзім, пагаворым... Заходзь, праўда — без цырымоній!.. Мележ.
[Ад лац. caeremonia — літаральна пашана, павага.]
цырымо́ннасць, ‑і, ж.
Уласцівасць цырымоннага; захаванне ўмоўнасцей у паводзінах. З усходняй цырымоннасцю.. [прамоўца] зноў доўга дзякаваў старшыні за прадастаўленае яму слова. Лынькоў.
цырымо́нны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да цырымоніі, звязаны з ёю. Цырымонны крок. Цырымонны марш. □ Якімку з Уладзікам.. [Дубоўскі] сустрэў цырымонным паклонам. Курто.
2. Які адпавядае патрабаванням этыкету; які захоўвае правілы этыкету. І гэта былі такія цырымонныя людзі, што ледзь не набілі лбы. «Звязда».
цы́ста, ‑ы, ДМ ‑сце, ж.
1. Шчыльная абалонка вакол некаторых аднаклетачных жывёльных і раслінных арганізмаў, якая засцерагае іх пры неспрыяльным навакольным асяроддзі ці ў пэўныя моманты іх жыццёвага цыкла.
2. Спец. Асобая скрынка для захавання старажытных рукапісаў, папірусаў. Металічная цыста.
[Ад грэч. kýstis — мачавы пузыр.]
цыстаскапі́я, ‑і, ж.
Метад даследавання ўнутранай паверхні мачавога пузыра з дапамогай цыстаскопа.
[Ад грэч. kýstis — мачавы пузыр і skopéō — гляджу, назіраю.]
цыстаско́п, ‑а, м.
Інструмент для агляду поласці мачавога пузыра.
[Ад грэч. kýstis — мачавы пузыр і skopéō — гляджу.]
цысты́т, ‑у, М ‑тыце, м.
Вострае або хранічнае запаленне мачавога пузыра.
[Ад грэч. kýstis — мачавы пузыр.]
цыстэ́рна, ‑ы, ж.
Рэзервуар для захоўвання і перавозкі вадкасцей. Напоўняць [ветракі] цыстэрны празрыстай вадой. Астрэйка. // Вагон ці аўтамабіль з цыліндрычным рэзервуарам для перавозкі вадкасцей, газаў і пылападобных грузаў (цэменту і інш.). Потым над палоскай ельніку мы ўбачылі паравоз, за ім жвава беглі, пазвоньваючы на рэйках, цыстэрны і чырвоныя вагоны таварняка. Хадкевіч.
[Ад лац. cisterna — вадаём.]