цырымо́нія, ‑і, ж.

1. Устаноўлены парадак правядзення якога‑н. абраду, урачыстасці; абрад, урачыстасць, якія праводзяцца ў строгім парадку. На цырымоніі адкрыцця выстаўкі выступіў беларускі паэт В. Вітка. «Звязда». Стала ў Брэсце добрай традыцыяй праводзіць многія ўрачыстыя цырымоніі ля сцен легендарнай крэпасці. «ЛіМ».

2. Разм. жарт. Пра якое‑н. працяглае, доўгае дзеянне, якое складаецца з шэрагу асобных учынкаў, дзеянняў. Цырымонія надзявання «добрага пінжака» праходзіць з адмысловай урачыстасцю.. Бярэ яго канечн[е] «Матрёна» і, трымаючы на выцягнутых уперад руках, падносіць да Гвардыяна з напружанай, блізкай да спалоху павагай. Гвардыян ужо загадзя абярнуўся спінай насустрэчу «добраму пінжаку» і выставіў назад.. рукі. Зарэцкі.

3. звычайна мн. (цырымо́ніі, ‑ій). Умоўнасці ў паводзінах, якія ўласцівы цырымоннаму чалавеку; паводзіны цырымоннага чалавека. [Полаз:] — Слухай, Лемяшэвіч, давай на «ты»... Мы з табой людзі роўныя, камуністы, і выкінем да ліха ўсе цырымоніі. Шамякін. [Зыбін:] — Заходзь сёння, пасядзім, пагаворым... Заходзь, праўда — без цырымоній!.. Мележ.

[Ад лац. caeremonia — літаральна пашана, павага.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)