супярэ́члівасць, ‑і, ж.
Уласцівасць супярэчлівага; наяўнасць супярэчнасцей у чым‑н. Гэтая жанчына не раз ужо здзіўляла .. [Лемяшэвіча] над звычайнай супярэчлівасцю свайго характару. Шамякін. Словам, думак розных, неразбярыхі і супярэчлівасці на душы ў мяне хапала. Сачанка.
супярэ́члівы, ‑ая, ‑ае.
Які мае ў сабе супярэчнасці (у 1 знач.). Супярэчлівыя паказанні. Супярэчлівыя пачуцці. □ Даволі доўгі час пра Саўку не чуваць было нічога... Аб ім хадзілі супярэчлівыя чуткі. Колас. У паэме «Лясун» [А. Лойкі] лірычны герой — больш складаная, супярэчлівая натура. Арочка. Фарміраванне творчых індывідуальнасцей у гушчы самадзейнай паэзіі — гэта складаны і супярэчлівы працэс. Гіст. бел. сав. літ.
супярэ́чнасць, ‑і, ж.
1. Становішча, пры якім адно (выказванне, думка, учынак) выключае іншае, не сумяшчальнае, не ўзгодненае з ім. Прагараваўшы ўсю ноч у роздумах і душэўных супярэчнасцях, хлопец заснуў толькі пад раніцу і прачнуўся позна. Кулакоўскі. Усё, чым .. [Васіль] жыў у гэты вечар, было поўна супярэчнасці. Мележ. // Неадпаведнасць, няўзгодненасць. [Паддубны] разважае аб тым, што супярэчнасць паміж розумам і пачуццямі трэба вырашаць шляхам свядомага іх спалучэння. Хромчанка.
2. звычайна мн. (супярэ́чнасці, ‑ей). У філасофіі — адносіны процілегласцей, уласцівых прадметам і з’явам прыроды і грамадства. Класавыя супярэчнасці. Унутраныя супярэчнасці. □ Першая сусветная вайна вельмі абвастрыла і выявіла найглыбейшыя супярэчнасці капіталістычнай сістэмы. «Звязда».
3. Выказванне або ўчынак, накіраваныя супраць каго‑, чаго‑н.; супярэчанне, пярэчанне. Нарэшце ў ім [Максіме] ўзяло верх простае пачуццё супярэчнасці. Машара.
супярэ́чны, ‑ая, ‑ае.
Які супярэчыць чаму‑н. Сотні разнастайных, супярэчных пытанняў узнікалі адно за адным. Шамякін.
супярэ́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; незак.
1. Пярэчыць, не згаджаючыся з кім‑н. Раніцай .. [Пятро] папрасіўся ў памочнікі. Хлопцы не супярэчылі — няхай ідзе. Новікаў. Вася Цыганок не супярэчыў, калі яму .. сказалі, што яго чарга ісці на варту. Шчарбатаў.
2. Не адпавядаць, мець у сабе супярэчнасць. Уведзенае перакладчыкам слова «У хмызняках» не супярэчыць унутранай логіцы арыгінала: карціна балотнай мясціны асацыіруецца з хмызнякамі. Палітыка.
супясча́ны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да супеску, складаецца з супеску. Супясчаныя глебы.