Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

сузо́р’е, ‑я, н.

Участак зорнага неба, група зорак, аб’яднаная агульнай назвай. Высока, высока над вёскай мігаціць сузор’е Вялікай Мядзведзіцы. Брыль. Ноч. Пад сузор’ямі Стажараў Маўчыць зямля ў нямой цішы. Звонак. // перан.; каго-чаго. Група выдатных дзеячаў, пісьменнікаў і пад., якія працуюць сумесна, у адну эпоху. У М. Стральцова ўзнікла патрэба падзяліцца некаторымі сваімі думкамі пра найярчэйшае сузор’е выдатных песняроў XX стагоддзя. Юрэвіч.

суіснава́нне, ‑я, н.

Адначасовае ці сумеснае існаванне каго‑, чаго‑н. Характэрнай рысай станаўлення навукова-публіцыстычнага стылю беларускай літаратурнай мовы з’яўляецца шырокае суіснаванне ў гэтай сферы дзвюх літаратурных моў — беларускай і рускай. Гіст. бел. літ. мовы.

•••

Мірнае суіснаванне — важнейшы прынцып ленінскай знешняй палітыкі, які ляжыць у аснове адносін паміж дзяржавамі з розным грамадскім ладам.

суіснава́ць, ‑ную, ‑нуеш, ‑нуе; незак.

Існаваць адначасова ці сумесна з кім‑, чым‑н.

суісну́ючы,

1. ‑ая, ‑ае. Дзеепрым. незал. цяпер. ад суіснаваць.

2. ‑ая, ‑ае; у знач. прым. Які існуе адначасова ці сумесна з кім‑, чым‑н.

3. Дзеепрысл. незак. ад суіснаваць.

сук, ‑а, м.

1. Буйны бакавы парастак, які ідзе ад ствала дрэва. То шышка зваліцца з хваіны, То сук збуцвелы ападзе. Астрэйка. Стаяла .. [груша] голая, счарнелая, з вузлаватымі сукамі. Лынькоў. Хочаш — зверху страляй, забраўшыся на ёмкі сук; хочаш — прама з-за дрэва. Курто.

2. Астатак ад зрэзанага бакавога парастка ствала ў дошцы, бервяне. [Арлоўскі:] — Дошкі ў мяне ёсць, толькі вельмі сукаватыя, ёсць без сукоў, ды ў гразі — гэблі патупіце. Чорны. Стаў Максімка да станка, Гэблік сціснула рука. Шмаргануў — на дошцы сук... Дзеружынскі.

су́ка, ‑і, ДМ суцы, ж.

1. Самка хатняга сабакі, а таксама іншых жывёлін сямейства сабачых. Валачашчая сука прыбілася сюды [у хату] і паспела ўжо тут ашчаніцца. Вялікая, худая .. яна ляжала на падлозе, і шасцёра сляпых шчанят смакталі яе. Чорны.

2. Разм. груб. Ужываецца як лаянкавае слова (звычайна ў адносінах да жанчыны). Да .. [Любкі] даносіўся ўсё яго [Анісіма] голас: Іш, сука паганая! Лынькоў. Зірнуўшы ў твар .. [Сузону], Пілацеіха падалася назад, ускрыкнула, як назваў яе сукай, і, уцякаючы ў пакоі, істэрычным голасам пачала крычаць. Галавач. // Наогул пра подлага чалавека. [Анкудовіч:] — Сука ты, Сцяпан. Самі паліцэйскія сказалі, што падказаў ты. Навуменка.

сукава́тасць, ‑і, ж.

Уласцівасць сукаватага; мноства сукоў, сучча.

сукава́ты, ‑ая, ‑ае.

Які мае вялікую колькасць сукоў, сучкоў. [Дзямід] павёў нас па сцежцы і спыніўся каля старога сукаватага дрэва. В. Вольскі.

сука́ла, ‑а, н.

Прылада для насуквання нітак на цэўкі.

сука́льны, ‑ая, ‑ае.

Прызначаны для сукання. Сукальная машына.