Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

небара́ка, ‑і, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑рацы, Т ‑ай (‑аю), ж.

Няшчасны чалавек, які выклікае спачуванне, жаль і спагаду. Паблізу гаварылі: — Напэўна, ужо нічога не будзе з небаракі, каторы дзень не прыходзіць у прытомнасць... Васілевіч. Агату ўжо неадчэпна грызе клопат: калі не выпусцяць чалавека, дык што яна, небарака, будзе рабіць вясной. Сабаленка.

небаскро́б, ‑а, м.

Вельмі высокі шматпавярховы будынак. Гмахі небаскробаў. □ Тут [у Эдмантоне] не было ніводнага небаскроба, большасць дамоў не ўзнімалася вышэй двух паверхаў, некаторыя вуліцы, асабліва на ўскраінах, не былі нават забрукаваны. Лынькоў.

небасхі́л, ‑у, м.

Частка неба над лініяй гарызонта; небакрай. З парадзелай цемры выступалі няясныя абрысы лясоў, раскінутых на далёкім небасхіле. Колас. Бляднелі зоры, і на празрыста-сінім небасхіле збіраліся кашлатыя воблакі. Чарнышэвіч. // Гарызонт. Адзін за адным, адзін за адным выплываюць з-за небасхілу караблі, усё роўна як з дна марскога. Кулакоўскі.

небаяздо́льнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць небаяздольнага.

небаяздо́льны, ‑ая, ‑ае.

Няздольны весці бой. Небаяздольная дывізія.

небаязлі́вы, ‑ая, ‑ае.

Смелы. Небаязлівы чалавек.

небезвыніко́вы, ‑ая, ‑ае.

Які дае пэўныя вынікі, болей ці меней паспяховы. Небезвыніковыя клопаты.

небездако́рны, ‑ая, ‑ае.

Які не пазбаўлены недахопаў; небеззаганны. Небездакорныя паводзіны.

небеззага́нны, ‑ая, ‑ае.

Які не пазбаўлены недахопаў; небездакорны. Небеззаганнае мінулае.

небезнадзе́йны, ‑ая, ‑ае.

Які не выключае магчымасці поспеху, удачы ў чым‑н. Небезнадзейнае становішча.