Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

перапрэ́лы, ‑ая, ‑ае.

Сапрэлы поўнасцю, цалкам; перагнілы. У лесе было зацішна. Пахла вільгаццю, мохам, перапрэлай ігліцай. Даніленка.

перапрэ́ць, ‑эе; зак.

Сапрэць поўнасцю, цалкам; перагніць. Угнаенне добра перапрэла. Перапрэла леташняе лісце.

перапсава́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад перапсаваць.

перапсава́цца, ‑псуецца; зак.

Сапсавацца, папсавацца — пра ўсё, многае.

перапсава́ць, ‑псую, ‑псуеш, ‑псуе; ‑псуём, ‑псуяце; зак., каго-што.

Сапсаваць, папсаваць усё, многае. Перапсаваць усе дэталі. □ [Палашка:] — Учора .. надумаўся [дзед Аўсей] аладкі пячы: колькі мукі перапсаваў, сала перапаліў... Лынькоў. // Разм. Зрабіць дрэнны ўплыў на ўсіх, многіх.

перапсу́ць, ‑псую, ‑псуеш, ‑псуе; ‑псуём, ‑псуяце; зак., каго-што.

Тое, што і перапсаваць.

перапу́д, ‑у, М ‑дзе, м.

Разм. Вельмі моцны спалох. Кудахтанне звар’яцелых з перапуду курэй і залівісты брэх сабак несліся з аднаго канца вёскі ў другі. Б. Стральцоў. Дзяўчына падскочыла, нібы той заяц з перапуду, потым сіганула ўбок. Асіпенка.

перапу́джаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад перапудзіць.

2. у знач. прым. Ахоплены перапудам. З-пад кубла ўзняўся перапуджаны дзед, кінуўся са стопкі на двор, і тады ў адзін голас закрычалі і дзед і хлапчук: — Во-о-ой! — З-а-б-і-ў! Галавач. Борух выглядаў вечна перапуджаным, быў вяртлявы, надзвычайна худы. Бядуля.

перапу́джваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да перапудзіць.

перапу́дзіцца, ‑пуджуся, ‑пудзішся, ‑пудзіцца; зак.

Разм. Перапужацца. Сэрца маткі не ўтрывала: — Хлопец з страху пабялеў, Перапудзіўся не мала, За дзень гэты пастарэў. Колас.