Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

сужыццё, ‑я, н.

1. Сумеснае жыццё, сумеснае існаванне. Мірнае сужыццё і брацкае супрацоўніцтва народаў. Чайны грыб — сужыццё дрожджападобнага грыба і воцатнакіслай бактэрыі.

2. Разм. Палавая сувязь. Ці не мінула ўжо колькі год з таго часу, як згасла ў ім [Карызне] цікавасць да яе [жонкі] як да жанчыны і іхняе сужыццё абярнулася ў простае — праўда, нуднаватае троху, бледнае таварышаванне? Зарэцкі.

сузале́жнасць, ‑і, ж.

1. У граматыцы — падпарадкаванне двух або некалькіх залежных сказаў аднаму і таму ж члену галоўнага сказа або ўсяму галоўнаму сказу.

2. Тое, што і узаемазалежнасць. У творчасці многіх паэтаў можна, бадай, беспамылкова ўбачыць сузалежнасць працэсаў нараджэння вобраза ўмоўна-асацыятыўнага і пашырэння інтэлектуальнага пачатку творчасці, станаўлення жанру філасофскай лірыкі. Рагойша.

сузале́жны, ‑ая, ‑ае.

У граматыцы — пабудаваны па спосабу сузалежнасці. Сузалежная канструкцыя. Сузалежныя сказы.

суздро́м, прысл.

Абл. Зусім, цалкам; начыста; дашчэнту. Задума суздром завалодала Гаранскім. Сабаленка. [Селянін:] — Вунь, штоноч у маладой удавы Аўгіні дамавік хату суздром перавар[о]чвае. Бядуля.

сузіра́льнасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць і стан сузіральнага. [Амілія і Клава] .. хадзілі пад .. ручаіну і глядзелі, як плыве вада.. Гэта сузіральнасць легла ў аснову натуры маладой Клавы. Чорны. Журботная любоў змяняецца любоўю помслівай,.. паэтычная сузіральнасць — і заклікам да рэальнага жыцця. Юрэвіч.

2. У філасофіі — пасіўнае ўспрыманне рэчаіснасці без актыўнага ўздзеяння на яе.

сузіра́льнік, ‑а, м.

1. Той, хто сузірае (у 1 знач.) што‑н. Сумна зрабілася ад думкі, што амаль два гады ўжо .. [Антанюк] не актыўны ўдзельнік працы гэтых людзей, а сузіральнік. Шамякін. Уся чароўнасць гэтага малюнка ў тым, што Алесь выглядае не простым сузіральнікам прыроды, а дзейсным, актыўным чалавекам. Кучар.

2. Той, хто схільны да сузірання (у 2 знач.).

сузіра́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які не цікавіцца тым, што яго акружае; бяздзейны, пасіўны. [Селянін] — не пасіўная, сузіральная асоба і далёка не абыякава ўспрымае ўсё тое, што пасылае яму лёс. Навуменка. // Уласцівы такому чалавеку. Сузіральныя адносіны да рэчаіснасці. // Звязаны з працэсам сузірання (у 1 знач.). Пісьменнік паступова падымаецца ад сузіральнага чалавекалюбства «Сястры» да гуманізму актыўнага. Адамовіч.

2. Схільны да сузірання (у 2 знач.). Сузіральная натура. // Уласцівы такому чалавеку. Тут прыемна пасядзець, адпачыць у духмяным цяньку, падумаць аб мінулым, настроіцца на сузіральны лад. В. Вольскі.

сузіра́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. сузіраць.

2. Паглыбленасць у свой унутраны духоўны свет.

3. У філасофіі — пачатковая ступень пазнання, пачуццёвая форма адлюстравання рэчаіснасці ў свядомасці чалавека. Ад жывога сузірання да абстрактнага мыслення і ад яго да практыкі — такі дыялектычны шлях пазнання ісціны, пазнання аб’ектыўнай рэальнасці. Ленін.

сузіра́цца, ‑аецца; незак.

Зал. да сузіраць.

сузіра́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што і без дап.

1. Глядзець, разглядваць, назіраць. Дзяўчаты сядзелі моўчкі і сузіралі. Мурашка. [Каваль] сузіраў гэта нейкі момант і не заўважыў, адкуль і як з’явіўся на падножцы мужчына з маладым і вельмі заклапочаным тварам. Савіцкі.

2. Уяўляць у думках што‑н., унікаць розумам у што‑н. [Дзед] любіў і пасядзець моўчкі, паглыбіўшыся ў свае думкі, нібы сузіраючы пройдзены шлях свайго доўгага жыцця. Машара.