Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

збру́евы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да збруі, прадметаў вупражы.

збру́йны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да збруі, прызначаны для захавання збруі. Збруйны склад.

збру́я, ‑і, ж.

Прадметы і прыналежнасць для запрагання або сядлання коней і другіх цяглавых жывёл; вупраж. Мікалай Буткавец — вядомы ў акрузе майстар па рамонту збруі — суткамі не разгінацся над хамутамі і набадрамі. Курто. Брыгадзір назіраў збоку. Калі коні былі запрэжаны, ён праверыў, Ці добра ляжыць збруя. Якімовіч.

збрыва́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. збрываць — збрыць.

збрыва́цца, ‑аецца; незак.

Зал. да збрываць.

збрыва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да збрыць.

збры́дзець, ‑ее; пр. збрыдзеў, ‑дзела; зак.

Разм. Апрыкраць, апастылець. — Глядзець ні на што не магу, усё так збрыдзела. Чарнышэвіч.

збры́дзіцца, ‑джуся, ‑дзішся, ‑дзіцца; зак.

Разм. Зрабіцца брыдкім, агідным.

збры́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак., каго-што.

Разм. Зрабіць брыдкім, агідным. Збрыдзіць твар грымам.

збры́днуць, ‑не; пр. збрыднуў, ‑дла; зак.

Разм. Тое, што і збрыдзець. Палаяўшыся з паўгадзіны каля студні, .. [Аўдоля і Акуля] разышліся: адна пайшла ў адзін канец вуліцы, другая — у другі, бо ім збрыдла лаяцца, і гэта не давала жаданых вынікаў. Колас.