Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

перарабі́ць, ‑раблю, ‑робіш, ‑робіць; зак.

1. што. Зрабіць нанава, іначай што‑н. зробленае. — Усё яму не гэтак, усё хочацца перайначыць, перарабіць па-свойму. Кулакоўскі. Знайдзі мне ў цэху такога спецыяліста, які б не папраўляў пасля кантралёраў! Ну, хутчэй называй! А яны самі перарабілі, да праверкі... Мыслівец. // Апрацоўваючы дадаткова, унесці якія‑н. змены. Перарабіць канцоўку п’есы. Перарабіць артыкул. □ Майстру жыць не даў, пакуль той не перарабіў каласнікоў у топцы на пад’ёмныя. Шынклер. // на што, у што. Зрабіць з чаго‑н. аднаго нешта іншае. Шырокую трыбуну хутка перарабілі ў падмосткі. Шамякін. Тых, хто войнамі шчасце скаваў, Даканаем... Пераробім у трактар свой танк баявы... Куляшоў. Сяргей быў добры майстра і паспеў перарабіць ужо сваю шматзарадку на аўтамат. Няхай. Багацце нявесты на шчасце не пераробіш. Прыказка.

2. перан.; што. Змяніць карэнным чынам, пераўтварыць што‑н. — Для мяне стала ясна, што толькі рабочы клас, кіруемы бальшавікамі, здольны перарабіць свет на новы лад. Гурскі. // каго-што. Прымусіць змяніцца, стаць іншым. Перарабіць характар. □ Не, бацька, цяпер не тое. Можа, гэтак калісь было, а рэвалюцыя мужыка перарабіла. Галавач.

3. Папрацаваць больш, чым трэба. Перарабіць дзве гадзіны.

4. Разм. Працуючы вельмі многа, ператаміцца.

5. што. Зрабіць, нарабіць усё, многае. Панскай работы — у гэтым я паспеў ужо добра пераканацца, — як ні старайся, як ні шчыруй, усё адно не пераробіш. Сачанка. — І твае і мае рукі шмат перарабілі работы. Паслядовіч.

6. што і чаго. Разм. Зазнаць усялякай працы, нарабіцца. Чаго ён толькі не перарабіў за сваё жыццё!

перарабля́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; незак.

1. Незак. да перарабіцца.

2. Зал. да перарабляць (гл. перарабіць у 1, 2 і 5 знач.).

перарабля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.

Незак. да перарабіць.

перарабо́так, ‑тку, м.

Час, затрачаны на працу звыш нормы.

перараджа́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да перарадзіцца.

2. Зал. да перараджаць.

перараджа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да перарадзіць.

перараджэ́нец, ‑нца, м.

Пагард. Той, хто ідэйна, маральна перарадзіўся, здрадзіў перадавым, прагрэсіўным, рэвалюцыйным ідэалам. [Відук:] Вікуру мы ведаем як бальшавіка, а вось Хмару... як перараджэнца, як апартуніста. Гурскі. [Шэмет:] — Трэба ставіць пытанне аб выключэнні .. [Мароза] з партыі як перараджэнца. Лобан.

перараджэ́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Пагард. Жан. да перараджэнец.

перараджэ́нне, ‑я, н.

1. Стан паводле знач. дзеясл. перараджацца — перарадзіцца.

2. Пагард. Страта свайго былога светапогляду пад уплывам варожай ідэалогіі. Ідэйнае перараджэнне.

перараджэ́нскі, ‑ая, ‑ае.

Пагард. Які мае адносіны да перараджэнца, да перараджэнства.