Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

рэдагава́ць, ‑гую, ‑гуеш, ‑гуе; незак., што.

1. Чытаць, правяраць і выпраўляць які‑н. тэкст, рукапіс, праводзіць літаратурную апрацоўку тэксту, рукапісу. Рэдагаваць артыкул. □ Матэрыялы ў насценную газету ўсё больш прыбывалі. А Сёмка Чыжык з запалам рэдагаваў яе. Каваль.

2. Кіраваць выданнем чаго‑н., быць рэдактарам. Рэдагаваць падручнік.

рэда́ктар, ‑а, м.

1. Той, хто правіць, рэдагуе які‑н. тэкст, рукапіс. Літаратурны рэдактар.

2. Кіраўнік выдання (газеты, кнігі і пад.), які зацвярджае яго змест. Чарнявы намячаўся калі не ў рэдактары, дык у намеснікі рэдактара першай беларускай газеты, якая мелася выходзіць у бліжэйшыя дні. Колас. У прыемнай рэдактара было бязлюдна. Хадкевіч.

рэда́ктарскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да рэдактара, належыць яму. Рэдактарскі кабінет. Рэдактарская праўка. □ Рэдактарскі аптымізм захапляў і радаваў Лабановіча, бо яму хацелася, каб гэтак яно і было. Колас.

рэда́ктарства, ‑а, н.

Пасада, дзейнасць рэдактара. Максім сам адчуваў, што яму не мінуць рэдактарства. Машара.

рэдакту́ра, ‑ы, ж.

Разм. Праўка тэксту, рэдагаванне. А першакрыніцы паказваюць, што рэдактура зрабіла шмат адступленняў, прыгладзіла мову, прычасала арфаграфію і выйшла, што Каліноўскі пісаў сучаснаю беларускаю мовай. Лужанін.

рэдакцы́йны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да рэдакцыі, рэдагавання. Рэдакцыйны работнік. Рэдакцыйная праўка.

рэда́кцыя, ‑і, ж.

1. Праўка, рэдагаванне тэксту. Рэдакцыя артыкула.

2. Пэўная фармулёўка або тэкст, якія чым‑н. адрозніваюцца ад падобных фармулёвак або тэкстаў. Пункт пратакола ў новай рэдакцыі. Другая рэдакцыя рамана. □ Многія раннія вершы Таўлая маюць па некалькі зусім розных рэдакцый. Арочка. Калі новая рэдакцыя — гэта этап у літаратурнай гісторыі тэксту пэўнага твора, то новы помнік — гэта пэўны этап у гісторыі цэлага жанру. Чамярыцкі.

3. Кіраўніцтва выданнем (кнігі, часопіса і пад.). Кніга пад рэдакцыяй прафесара.

4. Калектыў рэдактараў, работнікаў, якія кіруюць перыядычным органам друку. Пазней, па заданню рэдакцыі, мне давялося самому зайсці ў той домік пад соснамі. Брыль. — Я прыехаў здалёк, ад рэдакцыі, і хачу паглядзець, як людзі жывуць. Галавач. // Група работнікаў, якія займаюцца апрацоўкай і падрыхтоўкай тэксту рукапісу да выдання.

5. Памяшканне, дзе працуюць рэдакцыйныя работнікі. Пазваніць у рэдакцыю. Зайсці ў рэдакцыю. □ Я ўспомніў, што мне яшчэ трэба пабываць у рэдакцыі раённай газеты, і паехаў у горад. Кулакоўскі.

рэ́дзіва, ‑а, н.

Абл. Што‑н. рэдкае. А дзе і цэлы [брызент], дык такое рэдзіва, што праз яго відаць ноччу .. зоры. Лынькоў. Льецца блакітнае рэдзіва — Смуга — На зямлю і на дрэўцы. Калачынскі.

рэ́дзіць, рэджу, рэдзіш, рэдзіць; незак., што.

Абл. Рабіць рэдкім, радзейшым. У залы першага і трэцяга класа ўрываецца свежае паветра, рэдзіць дым, раздзьмухвае полымя. Шынклер.

рэдзь, ‑і, ж.

Разм. Тое, што і столка. [Чмаруцька:] — Тут добрая дратва патрэбна, ды ў дзве ці тры рэдзі. Лынькоў. Гром страляе, дождж ліе ў тры рэдзі, падаюць маланкі на лясок... Лось.