Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

неафо́рмлены, ‑ая, ‑ае.

1. Які не набыў канчатковага знешняга выгляду, формы, структуры і г. д. Неаформлены рукапіс.

2. Які не мае законнай сілы. Неаформлены дакумент.

неаха́йнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць і стан неахайнага; неакуратнасць. У хату носа паказаць нельга: неахайнасць, бруд, смурод. Міскі нямытыя на стале стаяць, хлеб непрыбраны. Колас.

неаха́йнік, ‑а, м.

Разм. Неахайны чалавек.

неаха́йніца, ‑ы, ж.

Разм. Жан. да неахайнік.

неаха́йны, ‑ая, ‑ае.

1. Які не захоўвае чыстаты, парадку. Неахайная гаспадыня. // Які ўтрымліваецца ў беспарадку, неакуратным стане. Неахайны пакой. □ Параход наводзіў туалет. Дні праз два зямля, канечны порт, не з’яўляцца ж туды неахайным карытам. Лынькоў.

2. Зроблены абы-як, без стараннасці. Неахайная работа.

неахво́та, ‑ы, ДМ ‑воце, ж.

1. Адсутнасць ахвоты да чаго‑н. Увесь дзень на рабоце я знаходзіўся пад уражаннем мінулай ночы і раніцы і, калі прыйшоў канец рабочага дня, дадому пайшоў ужо з неахвотай. Ракітны.

2. безас. у знач. вык. Не хочацца, няма жадання (што‑н. рабіць). Быў вечар. Такіх у нас шмат вечароў, Калі расставацца з зарой неахвота. Танк. — Можа хочаш перакусіць чаго ці выпіць шклянку гарбаты? — запытаў Сёмка Рыгора. — Не, неахвота. Гартны.

неахво́тны, ‑ая, ‑ае.

Які не выказвае ахвоты да чаго‑н.

неахво́чы, ‑ая, ‑ае.

Разм. Які не мае жадання рабіць што‑н., не выказвае ахвоты да чаго‑н. Неахвочы да вучобы.

неахо́пны, ‑ая, ‑ае.

Неабсяжны, неабдымны, бязмежны. Каля самага бярэзніку стаіць селянін. Ён выглядае шэрай кропкай на фоне неахопнага поля жытняй руні. Бядуля.

неацэ́нны, ‑ая, ‑ае.

Надзвычай важны. Неацэнны набытак. Неацэнная дапамога. □ Валі здавалася, што галоўнае цяпер — выратаваць маёмасць друкарні: неацэнны шрыфт, вярстаткі, валікі. Карпаў.