неафіцыя́льны, ‑ая, ‑ае.
Які не мае афіцыяльнага значэння. Неафіцыяльны візіт. Неафіцыяльны прыём.
неафо́рмлены, ‑ая, ‑ае.
1. Які не набыў канчатковага знешняга выгляду, формы, структуры і г. д. Неаформлены рукапіс.
2. Які не мае законнай сілы. Неаформлены дакумент.
неаха́йнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць і стан неахайнага; неакуратнасць. У хату носа паказаць нельга: неахайнасць, бруд, смурод. Міскі нямытыя на стале стаяць, хлеб непрыбраны. Колас.
неаха́йны, ‑ая, ‑ае.
1. Які не захоўвае чыстаты, парадку. Неахайная гаспадыня. // Які ўтрымліваецца ў беспарадку, неакуратным стане. Неахайны пакой. □ Параход наводзіў туалет. Дні праз два зямля, канечны порт, не з’яўляцца ж туды неахайным карытам. Лынькоў.
2. Зроблены абы-як, без стараннасці. Неахайная работа.
неахво́та, ‑ы, ДМ ‑воце, ж.
1. Адсутнасць ахвоты да чаго‑н. Увесь дзень на рабоце я знаходзіўся пад уражаннем мінулай ночы і раніцы і, калі прыйшоў канец рабочага дня, дадому пайшоў ужо з неахвотай. Ракітны.
2. безас. у знач. вык. Не хочацца, няма жадання (што‑н. рабіць). Быў вечар. Такіх у нас шмат вечароў, Калі расставацца з зарой неахвота. Танк. — Можа хочаш перакусіць чаго ці выпіць шклянку гарбаты? — запытаў Сёмка Рыгора. — Не, неахвота. Гартны.
неахво́тны, ‑ая, ‑ае.
Які не выказвае ахвоты да чаго‑н.
неахво́чы, ‑ая, ‑ае.
Разм. Які не мае жадання рабіць што‑н., не выказвае ахвоты да чаго‑н. Неахвочы да вучобы.